Сярод лідэраў Дэмакратычнай партыі існуе ўпэўненасьць, што Джо Байдэн справіцца са сваімі задачамі, піша «Голас Амэрыкі».
Сэнатар-дэмакрат ад штату Джорджыя Рафаэль Уорнак, адзін зь некалькіх дэмакратаў, якія мяркуецца ў якасьці магчымай замены Байдэну, заявіў, што пытаньне замены не разглядаецца.
Лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Гакім Джэфрыс, які можа стаць сьпікерам у наступным годзе, калі ягоная партыя зможа атрымаць большасьць у Палаце ў лістападзе, прызнаў, што Байдэн няўдала выступіў на дэбатах.
«Я лічу, што няўдача — гэта калі складаюцца ўсе ўмовы для рэваншу, — сказаў ён у інтэрвію MSNBC. — Так што момант, у якім мы цяпер знаходзімся, — гэта момант, калі яму трэба будзе адыграцца, і ён запатрабуе ад усіх нас падтрымкі, фармуляваньня пазытыўнага пасланьня аб тым, чаму плятформа дэмакратаў лепш за ўсё падыходзіць для вырашэньня праблем, якія стаяць перад амэрыканскім народам».
Іншы дэмакрат з Палаты прадстаўнікоў, Джэймс Клайбэрн, пагадзіўся з Джэфрысам.
«Ён мусіць застацца ў гэтай гонцы. Ён павінен прадэманстраваць сваю здольнасьць кіраваць краінай», — сказаў Клайбэрн у інтэрвію CNN.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн запэўнівае донараў, што яму пад сілу перамагчы на выбарахПраведзенае па завяршэньні дэбатаў апытаньне CBS паказала, што колькасьць дэмакратаў, якія лічаць, што Байдэн не павінен балятавацца ў прэзыдэнты, павялічылася на 10 пунктаў — з 36% у лютым да 46%.
«Думка аб тым, што Байдэну не пашанцавала ў гэты вечар, не адпавядае рэчаіснасьці. У яго няўдалае прэзыдэнцтва, у яго былі катастрафічныя дэбаты», — сказаў у інтэрвію CNN сэнатар-рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэм.
Джо Байдэн заявіў, што з моманту дэбатаў было сабрана яшчэ 27 мільёнаў даляраў, што стала самай вялікай колькасьцю з моманту пачатку перадвыбарнай кампаніі.
Байдэн прызнаў, што выступіў «не найлепшым чынам» на дэбатах, але адзначыў, што «выбарнікі адрэагавалі інакш, чым экспэрты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн прызнаў няўдалае выступленьне на дэбатах, але заявіў, што будзе змагацца далей і пераможа Трампа