Паводле экзыт полаў, якія цытуе агенцтва Reuters, ультраправае «Нацыянальнае аб’яднаньне» мае пасьля першага туру каля 34% галасоў. Кааліцыя Новага народнага фронту, у якую ўваходзяць левацэнтрысты, зялёныя і радыкальныя левыя сілы, мае каля 29%, а цэнтрысцкі альянс прэзыдэнта Эманюэля Макрона — ад 20.5% да 23%
Другі тур выбараў, якія праходзяць па мажарытарнай сыстэме, адбудзецца 7 ліпеня, і вынік галасаваньня застаецца нявызначаным, адзначае Reuters. Шмат будзе залежаць ад палітычных раскладаў у канкрэтных акругах.
Ва ўмовах разгромнай перамогі ўльтраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт на пачатку чэрвеня Макрон прызначыў датэрміновае галасаваньне, бо баяўся, што інакш вынікі прывядуць да паралічу заканадаўчага органу.
Кіраўнік «Нацыянальнага аб’яднаньня» Жардан Бардэля заявіў, што калі б ён стаў прэм’ер-міністрам, ён быў бы супраць адпраўкі францускіх войскаў ва Ўкраіну — такой магчымасьці Макрон не выключаў. Бардэля таксама заявіў, што адмовіцца ад паставак Францыі ракет далёкага радыюсу дзеяньня і іншай зброі, здольнай паражаць цэлі ў самой Расеі.
У склад гэтага аб’яднаньня ўваходзіць Марын Лё Пэн, дачка вядомага радыкальна правага палітыка Жан-Мары Лё Пэна. Ультраправых Францыі даўно вінавацяць у сувязях з Крамлём і атрыманьні фінансаваньня ад Пуціна. Марын Лё Пэн даўно праводзіць прарасейскую рыторыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Як жыве Вялікая Брытанія пасьля «Брэксыту» і якія зьмены наперадзе