Са студзеня па красавік гэтага году самалёты ваенна-паветраных сіл Вялікай Брытаніі 142 разы сутыкнуліся з праблемамі ў рабоце GPS пры пералётах па Ўсходняй Эўропе, сьцьвярджаецца ў артыкуле брытанскай газэты The Telegraph.
Пры гэтым у шасьцідзесяці з гэтых выпадкаў былі зафіксаваны паўторныя спробы заглушыць навігацыю. Паводле выданьня, брытанскія вайскоўцы і ўлады лічаць, што гаворка ідзе пра наўмысныя дзеяньні Расеі.
Вядома, што ў сакавіку з праблемамі з навігацыяй сутыкнуўся самалёт, у якім вяртаўся на радзіму з паездкі ў Польшчу міністар абароны Вялікай Брытаніі Грант Шэпс. Ён назваў інцыдэнт «яшчэ адным доказам таго, што Расея зьяўляецца некантраляванай варожай дзяржавай».
Іншыя крыніцы Telegraph таксама заявілі, што праблемы з GPS «наўпрост зьвязаныя з Пуціным, нападам на Ўкраіну і праблемамі вакол Калінінграду». Як сьцьвярджае The Telegraph, адзін з расейскіх цэнтраў глушэньня GPS-сыгналаў якраз разьмешчаны ў Калінінградзкай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Як жыве Вялікая Брытанія пасьля «Брэксыту» і якія зьмены наперадзе