Дэлегацыю афіцыйнага Менску не дапусьцілі на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Румыніі

Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў апублікавала заяву ў сувязі з нядопускам дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі да ўдзелу ў 31-й сэсіі ПА АБСЭ.

Палата прадстаўнікоў заявіла, што румынскія ўлады «наўмысна сарвалі» ўдзел дэлегацыі Беларусі «адмовай ва ўезьдзе на тэрыторыю Румыніі».

«Гэтае рашэньне прынятае насуперак усім базавым абавязальніцтвам і прынцыпам АБСЭ. Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасьці ПА АБСЭ. У 2017 годзе наша краіна пасьпяхова правяла 26-ю штогадовую сэсію ПА АБСЭ, якая стала самай прадстаўнічай у гісторыі асамблеі. Пры гэтым былі забясьпечаныя максымальна спрыяльныя ўмовы для працы замежных парлямэнтарыяў, якія прадстаўляюць 55 дзяржаў-чальцоў», — гаворыцца ў заяве.


Аўтары заявы назвалі нядопуск дэлегацыі «прыкладам адкрытай прадузятасьці і дыскрымінацыі».

«У сувязі з гэтым беларускі бок не прызнае рашэньні, якія могуць быць прынятыя падчас сэсіі ў дачыненьні да Беларусі», — заяўляюць яны.

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што ўлады Румыніі не дапусьцяць удзелу дэлегацый Расеі і Беларусі ў 31-й штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пройдзе ў Бухарэсьце з 29 чэрвеня па 3 ліпеня.

Гэтая мера будзе прымяняцца да ўсіх чальцоў дэлегацый, парлямэнтароў і тэхнічнага пэрсаналу

«Рашэньне румынскага боку заснавана на вядомай і пасьлядоўнай пазыцыі Румыніі ў адносінах да Расейскай Фэдэрацыі, ва ўмовах агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Таксама ў адносінах да некаторых чальцоў расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ дзейнічаюць абмежавальныя захады на ўзроўні Эўразьвязу.

Рашэньне таксама накіраванае супраць Беларусі, якая зьяўляецца прыхільніцай вайны, распачатай Расейскай Фэдэрацыяй», — заяўляў афіцыйны прадстаўнік МЗС Румыніі Раду Філіп, якога цытаваў румынскі сайт News.ro.

  • У лютым Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад камітэтам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з прамовай, у якой заклікала не прызнаваць новапрызначаны «парлямэнт» Беларусі і не запрашаць чальцоў «гэтага нелегітымнага ўтварэньня» на сэсіі ПА АБСЭ.
  • У красавіку прэзыдыюм Палаты прадстаўнікоў Беларусі сфармаваў склады дэлегацый Нацыянальнага сходу «па ажыцьцяўленьні кантактаў з эўрапейскімі парлямэнцкімі арганізацыямі».
  • Акрамя таго, прынялі рашэньне сфармаваць 10 дэлегацый для працы ў міжпарлямэнцкіх структурах, уключаючы Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румынія вырашыла не дапускаць афіцыйную дэлегацыю зь Беларусі на сэсію ПА АБСЭ ў Бухарэсьце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch апублікавала даклад аб «беспрэцэдэнтных рэпрэсіях» супраць беларускіх адвакатаў, пад якія трапіла 140 асоб
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр нямецкі дыплямат і выведнік Ганс-Георг Вік, які кіраваў КНГ АБСЭ ў Менску з 1997 па 2001 год