Як паведаміла прэсавая служба Офіса Ціханоўскай, асноўная тэма канфэрэнцыі — шляхі эўрапейскай інтэграцыі для Беларусі і Ўкраіны. Сярод удзельнікаў былі амбасадар Дырк Шубэль, былы прэм’ер Літвы Андрюс Кубілюс, эўрадэпутатка Мірыам Лексман, эўракамісар Віргініюс Сінкевічус, віцэ-прэзыдэнтка Globsec Алена Кудзько, Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі з Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Леся Руднік з «Цэнтру Новых ідэй», журналістка Ганна Любакова, дасьледчыцы Алена Карасьцялёва і Тацяна Чуліцкая.
«Вельмі добры ўзровень арганізацыі, а таксама ўдзельнікаў. Была магчымасьць пагаварыць з украінцамі — у тым ліку пра супольныя праекты. Выдатная магчымасьць зьверыць гадзіньнікі, паглядзець, што працуе, а што не.
Канфэрэнцыя адбываецца ў Лёндане напярэдадні брытанскіх выбараў. Важна, каб Беларусь была ня толькі ў прыярытэтах палітыкі ЭЗ, але таксама і Вялікабрытаніі», — адзначыў Франак Вячорка.
У канфэрэнцыі бралі ўдзел экспэрты, дыпляматы, актывісты, спэцпасланьнікі па супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Удзельнічалі таксама і прадстаўнікі ўкраінскай амбасады ў Лёндане і брытанскага МЗС.
Падчас дыскусій абмяркоўвалі стратэгіі і сцэнары разьвіцьця падзей ва Ўкраіне, у тым ліку яе адбудовы пасьля вайны, настроі ў беларускім грамадзтве і шляхі папулярызацыі эўрапейскай пэрспэктывы, падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны G7 асудзілі саўдзел Менску ў вайне супраць Украіны і заклікалі вызваліць палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць беларускага алюмінію