У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі заявілі, што ў Жытомірскай вобласьці ў зоне адказнасьці ўкраінскіх памежнікаў падразьдзелы Расейскага добраахвотніцкага корпусу праводзяць выведку, у тым ліку «з выхадам да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».
У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што на баявое дзяжурства на мяжы вывелі сыстэму «Палянэз» з поўным боекамплектам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску заявілі пра расейскіх добраахвотнікаў на памежжы з боку Ўкраіны і адправілі на мяжу сыстэму «Палянэз»Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў заявы з боку беларускіх памежнікаў на адрас Украіны:
«Апошнім часам Беларусь актывізавала пярэчаньні супраць узмацненьня Ўкраіны ў Жытомірскай вобласьці. Прыемна, зразумела, што яны не забываюць пра нашу дзяржаву, але хай не пераймаюцца, Украіна ім не пагражае, наадварот, мы вымушаныя абараняцца, у тым ліку і на беларускім кірунку, бо Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў і ў свой час адкрыла мяжу для расейскіх акупантаў.
Ну і вядома, як заўсёды, у стылі Беларусі гаварыць то пра зброю і сродкі тэрору з Украіны, то пра правакацыі, на якія будуць жорстка рэагаваць, і г.д. Нягледзячы на ўсё гэта, пакуль Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарыста, Украіна будзе нарошчваць сваю абароназдольнасьць, каб даць адпор усім, хто ідзе да нас зь Беларусі з вайной».