«ПіК Свабоды». «Уся яго карʼера — гэта карʼера ўтрыманца», — Віталь Портнікаў пра 30-годзьдзе кіраваньня Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка, Віталь Портнікаў, каляж

У чым былі асаблівасьці прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе? Чаму амаль усе прэзыдэнты Ўкраіны мелі прыязныя стасункі зь ім? Дзякуючы чаму Лукашэнку пэўны час лічылі самым папулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне? Ці заслугоўвае беларускі народ такога кіраўніка?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае ўкраінскі журналіст і палітычны аналітык Віталь Портнікаў.

— На пачатку 90-х вы шмат пісалі пра палітычнае жыцьцё ў многіх постсавецкіх краінах. Выбары 1994 году ў Беларусі, перамога на іх Аляксандра Лукашэнкі нечым зьдзівіла вас тады? Ці была яна ў рэчышчы працэсаў, якія адбываліся ў іншых постсавецкіх краінах?

— Я хацеў бы нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка перамог на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у адзін дзень зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы. І тады ў маскоўскай шавіністычнай газэце «Завтра» побач зьявіліся партрэты Лукашэнкі і Кучмы з падзагалоўкам «Нашы».

Гэта значыць, у Маскве тады лічылі, што абраньне абодвух гэтых палітыкаў на пасады кіраўнікоў дзяржаў зьяўляецца нейкім рэваншам. З пункту гледжаньня будучай інтэграцыі і Ўкраіны, і Беларусі ў тую агульную дзяржаву, пра якую тады ўжо думалі ў Маскве. Але цяпер, калі я больш уважліва гляджу на тыя працэсы, я разумею, што беларускія і ўкраінскія працэсы не былі лінейнымі. Што да Лукашэнкі, для мяне цалкам відавочна, што гэта была першая ўдалая апэрацыя расейскіх спэцслужбаў па ўкараненьні свайго агента ў найвышэйшае кіраўніцтва адной з былых савецкіх рэспублік. Першая, але, мабыць, не апошняя.

З Кучмам было складаней. Ён быў чалавекам, зь якім трэба было дамаўляцца, сябраваць, хаця б на сямейным узроўні. Ён быў чалавекам, які перш за ўсё перасьледаваў свае інтарэсы і вымушаны быў улічваць інтарэсы самых розных груп ва ўкраінскім палітычным кіраўніцтве і прадпрымальніцкай эліце. А з Лукашэнкам усё было нашмат прасьцей, па-мойму. Ён быў менавіта тым чалавекам, якога Лубянка вяла зь першых дзён ягонай кар’еры і, дарэчы, працягвае весьці нават сёньня.

Я назіраў у 1994 годзе, як працавалі штабы ўсіх кандыдатаў. Пры гэтым цікава, што штабы і Леаніда Кучмы, і Леаніда Краўчука былі ва Ўкраіне, у Кіеве. Маскоўскага штаба Кучмы не было, хаця ва ўкраінскую сталіцу прыехалі лабісты з расейскай, якія стараліся дапамагчы яму ў перамозе на выбарах кіраўніка дзяржавы. Сярод іх, дарэчы, быў і Канстанцін Затулін, добра цяпер вядомы сваімі шавіністычнымі поглядамі. А вось у Лукашэнкі і Вячаслава Кебіча штабы падтрымкі былі ў Маскве. Я назіраў за штабам Кебіча і бачыў, што людзі, якія зь ім зьвязаныя, былі перакананыя ў перамозе свайго кандыдата, бо Кебіч карыстаўся падтрымкай і тагачаснага прэзыдэнта Барыса Ельцына, і прэмʼер-міністра Віктара Чарнамырдзіна. А Лукашэнка выглядаў маргіналам, не было зразумела, як ён увогуле можа прайсьці ў другі тур выбараў і перамагчы. Але калі ён правёў прэсавую канфэрэнцыю ў офісе Ўладзіміра Жырыноўскага ў Дзяржаўнай Думе Расеі, у мяне адпалі ўсякія сумневы. Адзін агент КДБ СССР, які стаў агентам расейскіх спэцслужбаў, прыйшоў у офіс другога, куды больш тады буйнога і важнага для Лубянкі агента.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Як 30 год таму недаацанілі Лукашэнку

— Віталь, вы ўсё тлумачыце тым, што Лукашэнка быў агентам Лубянкі. Але я нагадаю, што 10 ліпеня 1994 году 57% дарослага насельніцтва Беларусі прагаласавала за гэтага чалавека. Яны ўсе таксама былі агентамі Лубянкі?

— Зразумела, не. Гэта былі звычайныя савецкія людзі, якімі можна было маніпуляваць. Гэта было тыповае маргінальнае савецкае грамадзтва, якое паддавалася на дэмагогію. Дарэчы, потым гэтая тэхналёгія будзе выкарыстоўвацца ня раз, ня два і ня тры ў Фэдэральнай службе бясьпекі (ФСБ) Расеі. Гэта, па-першае, дэмагогія аднаўленьня асаблівых сувязяў з Расеяй. Уласна, аб умацаваньні сувязяў з Расеяй гаварыў Вячаслаў Кебіч. Але была і антыкарупцыйная дэмагогія Лукашэнкі. Хаця, калі цяпер мы паглядзім на ўзровень яго абвінавачаньняў, то зразумеем, што гэта, у прынцыпе, сьмешна. Але тагачаснаму постсавецкаму беларусу, далёкаму ад разуменьня рэальнасьці, гэта не было зразумела.

І яшчэ адзін вельмі важны момант — тое, што Лукашэнка быў нібыта чалавекам з народу, ён ня быў чалавекам палітычнай эліты. Гэта ж таксама гульня, якую выкарыстоўвалі ў розных варыянтах вялізную колькасьць разоў на постсавецкай прасторы. Дарэчы, Кучма тады таксама ішоў як чалавек з народу, нягледзячы на тое, што ён быў да свайго абраньня кіраўніком ураду і дырэктарам найбуйнейшага вайсковага прадпрыемства ва Ўкраіне. А Леанід Краўчук быў такі глянцаваны, былы сакратар ЦК партыі. І гэта таксама было нейкім супрацьпастаўленьнем. Але ва Ўкраіне гэта было больш складанае супрацьпастаўленьне, таму фактычна Кучма толькі крыху абышоў Краўчука.

Калі я спытаў у Краўчука, чаму ён увогуле быў упэўнены, што выйграе, а потым так прайграў, ён мне адказаў, што ня мог канкураваць з маскоўскімі грашыма. І гэта быў адказ на ўсе пытаньні для мяне. А з Лукашэнкам і Кебічам гэта была нават не канкурэнцыя з маскоўскімі грашыма. У Маскве было нямала людзей, зацікаўленых у перамозе Кебіча. І сярод іх прэмʼер-міністар Віктар Чарнамырдзін. Гэта была канкурэнцыя з Лубянкай, з ФСБ.

І вядома, што Чарнамырдзін потым прайграў Лубянцы і ўласную палітычную карʼеру. Як ён прайграў Лубянцы карʼеру Вячаслава Кебіча, так у 1999 годзе ён прайграў уласную карʼеру спадкаемцу Ельцына і прапусьціў наперад стаўленікаў КДБ СССР — Яўгенія Прымакова, Сяргея Сьцяпашына, Уладзіміра Пуціна. І ўжо Лубянка праводзіла агледзіны, хто з гэтых агентаў, чэкістаў стане новым кіраўніком Расеі і кансалідуе яе інтарэсы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Мілінкевіч у праекце «Сьведкі Лукашэнкі»: «Я не лічу, што Лукашэнка быў стаўленікам Масквы»

— Віталь, а ці мяняўся ваш погляд на Лукашэнку за гэтыя 30 гадоў? Нават калі прыняць вашую вэрсію, што ён агент Лубянкі, агенты часам пачынаюць сваю гульню, часам абрываюць ніткі, якімі імі кіруюць.

— Не зьмяніўся. Я думаю, што Лукашэнка як быў, так і застаўся звычайным, пасрэдным, шэрым, жорсткім, падступным агентам КДБ СССР. А зараз ФСБ РФ. Так, безумоўна, ён спрабаваў у нейкія моманты манэўраваць. Спрабаваў сарвацца з ланцуга, але пры гэтым захоўваючы маскоўскія грошы. Таму што праблема Лукашэнкі, як і праблема любой бяздарнасьці, у тым, што ён ня здольны выконваць рэальна тыя абавязкі, якія імітуе. Ён ня здольны кіраваць беларускай дзяржавай. Бо ўся карʼера Аляксандра Лукашэнкі — гэта карʼера ўтрыманца. Уся лукашэнкаўская Беларусь усе гэтыя дзесяцігодзьдзі была краінай, якая жыве на маскоўскія падачкі. Палітычную рэпутацыю і ён сам сапсаваў. І разгонам беларускага парлямэнту. І, дарэчы, палітычнымі забойствамі. І зноў тут узьнікае пытаньне, хто менавіта быў ініцыятарам гэтых палітычных забойстваў. Сам Лукашэнка ці людзі зь ягонага атачэньня? Чэкісты са стажам, які-небудзь Урал Латыпаў, ці нехта яшчэ?

— Віталь, вы сказалі «страціў рэпутацыю». У чыіх вачах? Ён праз пару гадоў пасьля прыходу да ўлады сказаў: «Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду». Можа, яму было напляваць, якая ў яго рэпутацыя ў вачах таго цывілізаванага сьвету.

— Яму патрэбная была прастора для геапалітычнага манэўру. У Леаніда Кучмы гэтая прастора для манэўру была амаль да канца ягоных паўнамоцтваў. Калі Пуцін стаў прэзыдэнтам Расеі, то зрабіў усё магчымае, каб і ў Кучмы прастора для такога манэўру зьнікла. Пуцін ствараў цэлыя спэцапэрацыі для таго, каб скампрамэтаваць украінскага прэзыдэнта, і шмат у чым дамогся свайго. Калі б не Майдан 2004 году, то відавочна, што Ўкраіна трапіла б туды ж, куды ў выніку трапіла Беларусь. Так ці інакш, асаблівых магчымасьцяў ухіліцца ад куратараў, сарвацца з кручка ў Лукашэнкі не было пасьля таго, як ён стварыў сабе рэпутацыю апошняга дыктатара Эўропы, пасьля таго, як праславіўся зьнікненьнем апазыцыянэраў і разгонам парлямэнту. Сапраўды, вы маеце рацыю, Юры: Лукашэнка і не зьбіраўся нікуды сыходзіць. Ён зьбіраўся старанна выконваць тыя задачы, якія былі перад ім пастаўленыя яшчэ ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Гэтак жа, як зьбіраўся выконваць гэтыя задачы чацьвёрты прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч. І я думаю, што гэта тлумачылася верай у Савецкі Саюз, у КДБ, у сілу гэтых структур у такіх глыбока савецкіх людзей — у Лукашэнкі і ў Януковіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская — выпадковы чалавек, як і яе муж», — крытычныя высновы Портнікава пра супрацьстаяньне ў Беларусі

— Ці былі за гэтыя 30 гадоў моманты, калі Лукашэнка мог страціць сваю ўладу?

— Калі б у 2020 годзе беларускае паўстаньне зь мірнага пратэсту перарасло ў сапраўдны сілавы пратэст супраць рэжыму, то, я думаю, што Лукашэнка, хутчэй за ўсё, страціў бы ўладу. Я, дарэчы, ня ўпэўнены, што быў бы разгромлены сам рэжым. Я думаю, што ў гэтым выпадку ў Беларусі зьявіліся б расейскія войскі, магла б быць спроба крывавага задушэньня паўстаньня. Але сам Лукашэнка, безумоўна, быў бы ўжо не патрэбны Пуціну. Для легітымацыі такога рэжыму яму патрэбная была б іншая фігура.

— А чаму? Мы памятаем падзеі студзеня 2022 году — расейскі і беларускі спэцназ прылятае ў Казахстан і «наводзіць парадак». Пасьля чаго вяртаецца дадому, а ў Касым-Жамарта Такаева з уладай усё ў парадку.

— У Такаева так, а ў Назарбаева — не. Да моманту, пакуль гэты спэцназ ня высадзіўся ў Казахстане, у гэтай краіне быў рэжымам двоеўладзьдзя. І ключавую ролю ў гэтым рэжыме адыгрываў зусім не Касым-Жамарт Такаеў, а Нурсултан Назарбаеў. Важна ня тое, хто называецца прэзыдэнтам краіны, а тое, хто рэальна ажыцьцяўляе ўладу. Уладу ажыцьцяўляў Назарбаеў і ягоная сямʼя на той момант. Народнае паўстаньне там было задушана нават не расейскімі дзеяньнямі, а расейскім сыгналам, што расейскія войскі гатовы задушыць народнае паўстаньне. І гэта прывяло да таго, што Назарбаеў страціў усе ключы кіраваньня ў краіне, якой ён кіраваў з 1990-х гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятро Парашэнка: «Важна, каб сьвет не загнаў Беларусь у Расею»

— У дзень, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам Беларусі, Украіна выбрала сваім другім прэзыдэнтам Леаніда Кучму. І зь ім, і амаль з усімі пераемнікамі Кучмы ў Лукашэнкі складваліся някепскія, прыязныя адносіны, асабліва з тымі, якія асацыяваліся са шляхам Украіны ў Эўропу — зь Віктарам Юшчанкам і Пятром Парашэнкам. Чаму так атрымлівалася? А самыя кепскія адносіны з усіх украінскіх прэзыдэнтаў у Лукашэнкі былі зь Віктарам Януковічам. У чым прычына такога парадоксу?

— У Януковіча была рэўнасьць да Лукашэнкі, бо ён сам хацеў быць любімай марыянэткай. А Лукашэнка ўжо выконваў гэтую ролю і яго было вельмі цяжка пасунуць. Дарэчы, нягледзячы на нядрэнныя адносіны Кучмы і Лукашэнкі, там таксама была гэтая рэўнасьць. Я вельмі добра памятаю, як на саміце СНД у Кішынёве Леанід Кучма, Нурсултан Назарбаеў і Іслам Карымаў закацілі гістэрыку Барысу Ельцыну і Аляксандру Лукашэнку з прычыны так званай «разнахуткаснай інтэграцыі». Тое, як Ельцын ставіўся да Лукашэнкі, да Беларусі, выклікала зусім не прыхаванае раздражненьне ва ўкраінскага прэзыдэнта. Кіеў лічыў, што адносіны павінны быць раўнапраўнымі. А Ельцын сваім стаўленьнем да Лукашэнкі паказваў, што нармальныя эканамічныя адносіны могуць скласьціся толькі ва ўмовах абсалютнай ляяльнасьці і лісьлівасьці. І Кучму гэта вельмі раздражняла.

Што да Віктара Юшчанкі, то ён лічыў, што павінен стаць адвакатам Беларусі ў Эўропе так, як польскі прэзыдэнт Аляксандр Квасьнеўскі і ягоныя пераемнікі на гэтай пасадзе лічылі, што яны павінны быць адвакатамі Ўкраіны ў ЭЗ. Але Лукашэнка гэтай магчымасьцю асабліва не карыстаўся, як мы ведаем. Ды і кантактаў паміж Юшчанкам і Лукашэнкам практычна не было. Што да паводзінаў Лукашэнкі пасьля Майдана 2014 году... Ён тады ня толькі прыяжджаў на інаўгурацыю прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, ён прыняў тагачаснага выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Украіны, прадстаўніка Вярхоўнай Рады Аляксандра Турчынава. Лукашэнка спрабаваў перад Масквой разыграць ролю пасярэдніка ва ўзаемаадносінах з Украінай. Ён гэтую ролю і адыграў у 2015 годзе. І тады першы і, магчыма, апошні раз у беларускую сталіцу прыбылі фэдэральная канцлерка Нямеччыны і прэзыдэнт Францыі. Гэта было найвышэйшае дыпляматычнае дасягненьне Лукашэнкі за ўсе дзесяцігодзьдзі ягонага знаходжаньня ва ўладзе. Лукашэнка мог выглядаць пасярэднікам па заданьні Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны казалі адзін пра аднаго

— Можна прыгадаць, што і з Ўладзімірам Зяленскім у Лукашэнкі былі някепскія адносіны да пачатку поўнамаштабнай вайны. Ды і пасьля пачатку першыя раўнды перамоваў паміж Кіевам і Масквой адбыліся менавіта ў Беларусі.

— Аляксандар Лукашэнка мог глядзець на Уладзіміра Зяленскага і бачыць у ім сябе. Па вялікім рахунку, тая тэхналёгія, якая была скарыстаная пры абраньні Ўладзіміра Зяленскага прэзыдэнтам Украіны ў 2019 годзе, гэта рымэйк тэхналёгіі, якая была выкарыстаная пры абраньні Аляксандра Лукашэнка прэзыдэнтам Беларусі ў 1994-м. Я думаю, што Лукашэнка павінен быў глядзець на Зяленскага зь любоўю. У Беларусі ў 1994 годзе была іншая сытуацыя, там не было алігархаў. Але сама ідэя — чалавек з народу, антыкарупцыйныя лёзунгі, абяцаньне вырашыць усе крызісы, якія існуюць у краіне — гэта рыхт у рыхт. Зяленскі — гэта і ёсьць, па вялікім рахунку, украінскі варыянт Лукашэнкі амаль у бяспрымесным выглядзе.

— У сэнсе, што і ён — агент расейскіх спэцслужбаў?

— Зразумела, не. Я ж кажу, што гэта зусім іншая сытуацыя. Але абсалютна той самы тып асобы. Таму, калі яны сустрэліся — стары «Зяленскі» і малады Зяленскі, яны, вядома, былі ў захапленьні адзін ад аднаго. Але зноў жа, не забывайма, што ў Лукашэнкі, у адрозьненьне ад Зяленскага, які скарыстаўся ягоным мэтадам, каб стаць прэзыдэнтам Украіны, быў шлейф злачынстваў, чаго ў Зяленскага не было. І я ўжо не кажу пра тое, што Зяленскі атрымаў у спадчыну краіну, якая ўжо знаходзілася ў канфлікце з Расейскай Фэдэрацыяй, а Лукашэнка атрымаў у спадчыну краіну, якую можна было проста прапанаваць Расеі на сподачку. Гэта зусім розныя гісторыі. Калі ў Парыжы Пуцін сустракаўся зь Зяленскім, тады ж Пуцін думаў, што Зяленскі павядзе сябе ў адносінах да яго так, як Лукашэнка павёў сябе ў адносінах да Ельцына, гэта значыць прысягне на вернасьць «беламу цару». А нічога гэтага ня здарылася. Зяленскі, у адрозьненьне ад Лукашэнкі ў 1994 годзе, быў упэўнены, што зможа ў нечым пераканаць расейскага прэзыдэнта, ён хацеў размаўляць зь ім на роўных. Думаю, што ў Парыжы ўжо было прынятае канчатковае рашэньне аб зрынаньні Зяленскага і аб тым «бліцкрыгу», які ўсе мы ўбачылі ў 2022 годзе.

— Паводле апытаньняў сацыялягічнай службы «Рэйтынг», у 2014-2015 гадах Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам Украіны. Чаму так складвалася? Як вольналюбіваму народу мог падабацца суседзкі дыктатар?

— Гэта адбылося таму, што зь першага месца самага папулярнага замежнага палітыка зьнік пасьля 2014 году Пуцін. Да таго менавіта ён быў на першым месцы.

— Але ж і Пуцін дыктатар, і ёсьць, і быў ім. Як вольналюбівы народ можа паважаць дыктатара?

— Ну былі ж украінцы, якія ў 2010 годзе прагаласавалі за Віктара Януковіча — за чалавека зь відавочнай схільнасьцю да дыктатуры. Большасьць украінцаў, большасьць маіх суайчыньнікаў прыйшлі тады на выбары і прагаласавалі за гэтага чалавека. А ў 2004 годзе амаль палова выбарнікаў аддала Януковічу свае галасы. Так што ў гэтым сэнсе я ня бачу нічога дзіўнага. У 2014 годзе папулярнасьць Пуціна, натуральна, зьнізілася пасьля анэксіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе. Але ў справу ўступіў міт пра Лукашэнку, які заўсёды займаў выразна другую пазыцыю ў папулярнасьці. Ня толькі сярод замежных палітыкаў. І Пуцін, і Лукашэнка часта былі папулярнейшымі за ўкраінскіх прэзыдэнтаў. Для многіх украінцаў, для тых, хто аддавалі свае галасы прарасейскім палітычным сілам, хто былі супраць NATO (а такіх у краіне заўсёды была палова ці больш за палову), лукашэнкаўская Беларусь — парадак, спакой, гатоўнасьць класьціся пад Расею — была ідэалам разьвіцьця.

Тое, што Ўкраіна дайшла да вялікай вайны 2022 году, якраз і зьвязана з гэтым станам украінскага грамадзтва. Так, заўсёды была пасіянарная частка грамадзтва, якая была гатова выходзіць на вуліцы і спыняць сваю ўладу ад спробаў легчы пад Расею. І гэта, дарэчы, шмат у чым было зьвязана з існаваньнем у краіне заходніх рэгіёнаў. Калі б іх не было, то Ўкраіна проста была б вялікай Беларусьсю ўжо з 1994 году.

Калі вы гаворыце аб рэйтынгу Лукашэнкі ва Ўкраіне ў 2014-2019 гадах, вы тлумачыце сам сабе, чаму ў 2019 годзе так трыюмфальна, безальтэрнатыўна перамог на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне Ўладзімір Зяленскі. Гэта прамое наступства папулярнасьці Лукашэнкі, міту пра Лукашэнку. Калі Зяленскі прыйшоў да ўлады, ён нават паводзіць сябе стаў так, як Лукашэнка. Гэта ж было проста выкананьне Зяленскім ролі Лукашэнкі. Больш за тое, сам сэрыял «Слуга народу», яго галоўны герой — гэта Лукашэнка. У яго прозьвішча Галабародзька, але насамрэч сцэнарысты цалкам сьпісалі героя з маладога Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За любой фігурай транзыту ўлады ў Беларусі будзе стаяць Пуцін», — Віталь Портнікаў

— Францускі філёзаф і дыплямат Жазэф Дэ Мэстр пісаў, што кожны народ мае той урад, якога ён заслугоўвае. Тэза спрэчная, але тым ня менш: беларускі народ заслугоўвае Лукашэнку?

— Ніводзін народ не заслугоўвае дыктатуры. Але чаму ўзьнікае дыктатура ў кожнага народу, лёгка можна растлумачыць. Я лічу, што расейская акупацыя беларускіх земляў і, самае галоўнае, акупацыя духоўнага сьвету беларусаў, зьнішчэньне Грэка-каталіцкай царквы, прыход на беларускія землі Расейскай праваслаўнай царквы зь яе русыфікатарскай агрэсіўнай пазыцыяй зьнішчылі сувязь беларусаў з уласнай царквой, з уласным культурным сьветам. Гэта ператварыла іх у народ без уласнага культурнага мікракосму, які значна лягчэй было русыфікаваць і падмяць, чым, напрыклад, украінцаў. І таму мне здаецца, што Аляксандар Лукашэнка — гэта спараджэньне дэнацыяналізаванай Беларусі. І, дарэчы, пра такую дэнацыяналізаваную Ўкраіну марылі, мараць і працягваюць марыць вельмі многія мае ўласныя суайчыньнікі. Таму я не зьбіраюся кідаць камень у беларусаў, проста ў нас ёсьць той вялікі канфлікт ідэнтычнасьці, які пакрысе заканчваецца на фоне разбуральнай вайны. Беларускі народ сам па сабе быў у большасьці сваёй пазбаўлены гэтага канфлікту ідэнтычнасьці. Менавіта таму ў 2020 годзе, калі ўжо сталі балятавацца людзі, выгадаваныя ў лукашэнкаўскай Беларусі, у Лукашэнкі ўзьнікла першая пагроза ўладзе. Калі вялася барацьба зь людзьмі нацыянал-дэмакратычных поглядаў, Лукашэнка ніколі нічым не рызыкаваў, бо гэтыя людзі ніколі не прадстаўлялі большасьць нацыі.

Таму так, Лукашэнка — натуральнае спараджэньне беларускага народу, і захаваньне беларускай дзяржаўнасьці залежыць, на жаль, не ад унутраных, а выключна ад замежнапалітычных працэсаў. Калі Расея аслабне, калі Захаду ўдасца вырваць Беларусь з лапаў расейскага шавінізму, то я ўпэўнены, што беларуская дзяржава адбудзецца і праз 20-30 гадоў пасьля таго, як яна пазбавіцца гэтага страшнага рэжыму і расейскай апекі, на вуліцах Менску, Гомля і Магілёва будуць размаўляць па-беларуску. Расейскамоўная Беларусь ня мае ніякага сэнсу існаваньня.

Але я ўпэўнены ў магчымасьці існаваньня беларускамоўнай Беларусі. Беларусь, якая будзе мець сваю мову, сваю гісторыю, сваю культуру, якая будзе калі не сябрам NATO (хаця я хацеў бы на гэта спадзявацца), то сябрам Эўрапейскага зьвязу. У адваротным выпадку Беларусь будзе паглынутая Расейскай Фэдэрацыяй і стане адной з рэспублік Расеі на ўзор ужо дастаткова русыфікаваных Мардовіі або Чувашыі.

— Але за 30 гадоў гэтага не адбылося.

— Таму што Беларусь і цяпер зьяўляецца пратэктаратам Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Парады палітыкам ад «Рудабельскай паказухі»«ПІК Свабоды». Ці закрые Польшча мяжу зь Беларусьсю? Тлумачэньне польскага экспэрта«ПіК Свабоды». Як мяняўся рэйтынг Лукашэнкі на працягу дзесяцігодзьдзяў. Тлумачэньне сацыёляга«ПіК Свабоды»: Раскол у Каардынацыйнай радзе: барацьба за сымбалічную ўладу. Тлумачэньне экспэрткі

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.