Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў, што Запароская АЭС страціла сувязь зь яшчэ адной станцыяй радыяцыйнага кантролю — чацьвёртай з пачатку расейскай акупацыі АЭС.
Да вайны радыяцыйны кантроль каля Запароскай АЭС ажыцьцяўляўся на 14 такіх станцыях. У той жа час у заяве кіраўніка МАГАТЭ не паведамляецца, па чыёй віне зьнішчана яшчэ адна станцыя маніторынгу.
24 чэрвеня Расея абвінаваціла Ўкраіну ў абстрэле і зьнішчэньні пункту маніторынгу. Ва Ўкраіне ні вайскоўцы, ні прадстаўнікі апэратара ўкраінскіх АЭС «Енергоатом» не камэнтавалі інфармацыі аб страце яшчэ адной станцыі радыяцыйнага кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МАГАТЭ пацьвердзіў выбух дрона на Запароскай АЭСПаводле Рафаэля Гросі, прадстаўнікі МАГАТЭ, якія стала знаходзяцца на станцыі, праз абстрэлы не змаглі наведаць месца, каб пацьвердзіць пашкоджаньне. А інфармацыю аб страце сувязі з гэтым пунктам маніторынгу яны атрымалі з Запароскай АЭС.
«Функцыянаваньне абсталяваньня для радыяцыйнага кантролю зьяўляецца важнай часткай ядзернай бясьпекі ва ўсім сьвеце. Гэтыя сыстэмы важныя для бесьперапыннага маніторынгу ўзроўняў радыяцыі і, у выпадку надзвычайнай сытуацыі, для хуткай ацэнкі бягучага і патэнцыйнага радыялягічнага ўзьдзеяньня і таго, якія ахоўныя меры могуць быць прынятыя», — заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ.
У той жа час, паводле яго, «страта адной станцыі радыяцыйнага маніторынгу ня мае непасрэднага ўплыву на бясьпеку на Запароскай АЭС».
У заяве адзначаецца, што экспэрты МАГАТЭ, якія пастаянна знаходзяцца на станцыі, паведамлялі на мінулым тыдні аб тым, што чулі выбухі на нейкай адлегласьці ад аб’екту.
Апроч таго, экспэрты арганізацыі «працягвалі ўважліва сачыць за сытуацыяй з ахаладжальнай вадой на пляцоўцы». Рафаэль Гросі паведаміў, што пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы на Запароскай АЭС вымушаныя былі шукаць «альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вады, неабходнай для ахалоджваньня шасьці рэактараў» (пасьля акупацыі Расеяй станцыі ўсе рэактары станцыі былі спыненыя. — РС).
«У рамках гэтых намаганьняў летась выкапалі 11 калодзежаў з падземнай вадой, якія цяпер забясьпечваюць дастатковую колькасьць вады, неабходнай для халоднага адключэньня ўсіх блёкаў і сыстэм бясьпекі», — паведаміў кіраўнік МАГАТЭ.
- Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы.
- Яе тэрыторыя пэрыядычна падвяргаецца абстрэлам, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну.
- Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня ваеннай тэхнікі і дысьлякацыі сваіх вайскоўцаў.
- Станцыя не выпрацоўвае электраэнэргію з 11 верасьня 2022 году.