Качаняты вылупіліся
У качкі, якая выседжвала яйкі на клюмбе ў цэнтры Менску, вылупіліся птушаняты. Яна ўжо плавае з качанятамі па Сьвіслачы, паведаміла выданьне «Минск-Новости».
У мінулым выпуску добрых навінаў мы пісалі, што качка ўладкавалася выседжваць яйкі на высокай клюмбе побач з паркам Горкага ў Менску. Супрацоўнікі банку, які месьціцца паблізу, паклапаціліся пра птушку: абнесьлі месца сыгнальнай стужкай, прыносілі качцы корм.
Беларусы запісалі сумесны рэп з розных бакоў мяжы
Hip-hop-артысты Віталь Рыжкоў aka Angst і Лёша Грызунт aka лайтовы прэзэнтавалі сумесны трэк «Люстэрка». Музыкі знаходзяцца па два бакі мяжы: Віталь у Беларусі, Лёша — у Польшчы. Трэк прапануе асэнсаваць, што сёньня адбываецца зь беларусамі «там» і «тут». Ініцыятарам сумеснага запісу стаў Віталь. Ён запісаў сваю частку і адправіў яе Грызунту. Той падтрымаў ініцыятыву. Лейтматывам у трэку гучыць пытаньне «Дзе мой край?».
«Веру, аднойчы мы зможам сабрацца напрасткі. І не каб крычаць з адваротнага берага, бо калі мы і па два бакі, то па два бакі аднаго люстэрка», — сьпявае Грызунт.
Паслухаць трэк можна тут.
Буслы зьвілі гняздо на пад’ёмным кране
Бусьлянка ў незвычайным месцы зьявілася ў Століне Берасьцейскай вобласьці. Там птушкі зрабілі сабе гняздо на самым краі стралы пад’ёмнага крана, які паставілі на тэрыторыі прадпрыемства як дэкарацыю. Відэа з бусьлянкай апублікавалі ў TikTok з подпісам «Мая Беларусь».
Кнігі ў піжамах
У ноч на чацьвер 27 чэрвеня ў Менску зладзілі начны распродаж кніг. Крама Oz побач зь Нямігай працавала зь 9-й гадзіны вечара да 4-й гадзіны ранку. Там прайшоў распродаж бэстсэлераў і навінак са зьніжкамі да 40%. Наведнікаў абяцаліся частаваць кавай, а тым, хто прыйдзе ў піжаме, падарыць кнігу. Арганізатары начнога распродажу абвяшчалі, што і гандляры будуць працаваць у хатнім адзеньні.
Выданьне Kyky апублікавала відэа з начнога распродажу, дзе відаць сама меней дзясяткі чалавек, якія стаяць на вуліцы ў чарзе.
Эвакуавалі Алесю Буневіч
Палітзьняволеную беларуску, якая адбыла тэрмін, вывезьлі зь Беларусі дзякуючы службе эвакуацыі фонду BySol. Пра гэта стала вядома 26 чэрвеня.
Алеся Буневіч з 2021 году жыла ў Вільні. Працавала дырэктаркай друкарні. Пры гэтым яна рэгулярна езьдзіла на радзіму. Алесю затрымалі ў красавіку 2022 году, калі яна паехала на ўгодкі сьмерці маці. Спачатку яе вінавацілі ў межах справы «рэйкавых партызанаў», а пасьля судзілі за нібыта незаконны пераход мяжы. Буневіч далі 3,5 года калёніі, аднак падчас апэляцыі паменшылі тэрмін на год.
У Вільні яе чакалі муж і сын. Сёлета ў траўні Алеся вызвалілася з калёніі. Цяпер яна ўзьядналася зь сям’ёй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыну шчыра сказаў: „Мама арыштаваная“». Муж распавядае пра затрыманую ў справе аб тэрарызьме Алесю Буневіч