Як стала вядома Свабодзе, адзін з абвінавачаных, Васіль Прохараў, атрымаў 11 гадоў калёніі. Ягоная жонка Ларыса і сын Павал атрымалі па 8 гадоў зьняволеньня. Яшчэ аднаму фігуранту справы, настаўніку беларускай мовы Руслану Прахарэнку, прысудзілі 10 гадоў калёніі. Пра лёс пятага фігуранта справы, Фёдара Аксёненка, нічога не вядома.
Удзельнікі закрытага працэсу маюць падпіскі аб невыдаваньні. Зь неафіцыйнай крыніцы Свабодзе вядома, што крымінальная справа тычыцца фатаграфаваньня розных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, а за фігурантамі справы нейкі час перад арыштам сачылі спэцслужбы.
Групу абвінавачвалі паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «Неданясеньне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).
Сям’я Прохаравых доўгі час жыла ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. На момант затрыманьня яны жылі ў вёсцы Ўза Гомельскага раёну, куды пераехалі два гады таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзел у патрыятычных мерапрыемствах, сяброўства з рускаміраўцам, цяпер — «здрада дзяржаве». Што вядома пра фігурантаў новай гучнай справыСтарэйшы Прохараў, Васіль Васілевіч, этнічны ўкраінец 1969 году нараджэньня, былы дэсантнік. Ён нарадзіўся ў Чарнобылі (Кіеўская вобласьць). Васіль Прохараў часта езьдзіў зь Беларусі ва Ўкраіну. У 2021 годзе на яго не было пачатых крымінальных спраў. Працаваў у асноўным у сфэры будаўніцтва, прарабам і майстрам.
Апроч працы, Васіль меў свой блог на YouTube. Там ён дзяліўся з падпісчыкамі відэа пра вёскі і пасёлкі Гомельскай вобласьці, у тым ліку чарнобыльскай зоны. Частка відэа прысьвечана сьвяткаваньню Дня дэсантніка ў розныя гады.
Жонка Васіля Ларыса Прохарава — беларуска 1975 году нараджэньня. Паходзіць з Грабаўкі Гомельскага раёну, жыла там доўгі час. Раней працавала санітаркай у адной з гомельскіх лякарняў.
Сын Прохаравых Павал нарадзіўся ў 1996 годзе. З 2007-га па 2019 год сем разоў быў за мяжой — ва Ўкраіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсьце. У сьнежні 2023 году паведамлялася, што была затрыманая і дачка Прохаравых Анастасія, але яе няма сярод абвінавачаных.
Руслан Прахарэнка працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Нароўлі. Туды ён трапіў па разьмеркаваньні, калі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны. Хлопцу 24 гады. Свае сацыяльныя сеткі ён вёў на беларускай мове, часам выказваўся на палітычныя тэмы і рабіў перапосты з так званых «экстрэмісцкіх» каналаў. Таксама пісаў пра тое, чаму варта размаўляць па-беларуску.
Фёдар Аксёненка нарадзіўся ў 1978 годзе Лунінецкім раёне, вучыўся ў тэхнічным унівэрсытэце ў Гомлі, там жа застаўся жыць і працаваць. Ён мае багатую біяграфію — працаваў кіроўцам, будаўніком, дырэктарам розных камэрцыйных фірмаў. Ня менш за 17 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці па лініі ДАІ. У 2001 годзе яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу 339 за хуліганства.
Санкцыі артыкулу «Здрада дзяржаве» — ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. На люты 2024 году праваабаронцы «Вясны» налічылі мінімум 55 чалавек, якія сталі «здраднікамі дзяржавы» паводле вэрсіі сьледзтва і суду.