Байдэн у дэбатах з Трампам заявіў, што калі Расея пераможа Ўкраіну, будуць рызыкі для Беларусі і Польшчы

Дональд Трамп і Джо Байдэн. Першыя дэбаты перад выбарамі прэзыдэнта ў ЗША

Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку сваёй перамогі хутка дамовіцца аб заканчэньні вайны, а Джо Байдэн назваў Уладзіміра Пуціна ваенным злачынцам.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і яго канкурэнт ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп сутыкнуліся наконт замежнай палітыкі і вайны Расеі супраць Украіны ў тэледэбатах паміж двума найстарэйшымі кандыдатамі, якія калі-небудзь прэтэндавалі на пасаду прэзыдэнта ЗША.

У часе першых дэбатах перад выбарамі прэзыдэнта Джо Байдэн і Дональд Трамп абмяняліся думкамі аб замежнай палітыцы краіны і наступствах вайны Расеі супраць Украіны.

Агенцтва Associated Press адзначае, што выступ Байдэна на дэбатах выклікаў заклапочанасьць ягоных прыхільнікаў, бо ў яго было мноства запінаньняў, паўзаў і ягоныя ціхія выказваньні часам было цяжка зразумець.

Выйшаўшы на сцэну дэбатаў 27 чэрвеня, не паціскаючы адзін аднаму рукі і ня гледзячы ў залю, цяперашні прэзыдэнт і яго папярэднік выклалі рэзка розныя погляды на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ў суседнюю краіну ў лютым 2022 года.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і былы прэзыдэнт Дональд Трамп з самага пачатку дэбатаў у чацьвер уступілі ў канфлікт, паспрачаўшыся аб стане амэрыканскай эканомікі, міжнародных справах, праве на аборт і патоках мігрантаў праз мяжу з Мэксыкай.

«Мы падобныя на краіну трэцяга сьвету — і гэта ганьба», — заявіў Трамп са сцэны дэбатаў у штаб-кватэры тэлекампаніі CNN у Атлянце.

«Нас больш не паважаюць, — працягнуў Трамп, вінавацячы Байдэна. — Яны лічаць нас дурнымі».

«Гэта самы горшы прэзыдэнт у амэрыканскай гісторыі, — рэзка запярэчыў Байдэн пазьней, гледзячы на Трампа. — У гэтага хлопца няма ніякіх уяўленьняў аб амэрыканскай дэмакратыі».

Дональд Трамп і Джо Байдэн


Трамп, які ў мінулым называў тактыку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ва ўварваньні ва Ўкраіну ў 2022 годзе «геніяльнай» і «вельмі падкаванай», атакаваў Байдэна, сказаўшы, што калі б у ЗША быў «сапраўдны прэзыдэнт», Пуцін не напаў бы на Ўкраіну.

Трамп заявіў, што ў выпадку сваёй перамогі хутка дамовіцца аб заканчэньні вайны.

«Я зраблю, каб гэтая вайна была ўрэгуляванач паміж Пуціным і Зяленскім як абраным прэзыдэнтам. Перш, чым я заступлю на пасаду 20 студзеня, я зраблю гэта», — заявіў Трамп у часе дэбатаў, якія трансьлявала тэлекампанія CNN.

У адказ на гэтае выказваньне Байдэн назваў Пуціна «ваенным злачынцам».

«Ён хоча ўсю Ўкраіну. Вось чаго ён хоча», — сказаў ён.

«І тады вы думаеце, што ён на гэтым спыніцца? Як вы думаеце, ён спыніцца, калі возьме Ўкраіну? Як вы думаеце, што будзе з Польшчай, Беларусьсю? Як вы думаеце, што будзе з краінамі NATO?», — працытавала Джо Байдэна выданьне The Kyiv Independent.

Дзейны прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што хаўрусьнікі па NATO столькі ж выдзелілі дапамогі Ўкраіне, як і ЗША.

У той жа час Трамп назваў «непрымальнымі» апошнія ініцыятывы Ўладзіміра Пуціна аб перамовах, якія прадугледжваюць адмову Расеі вярнуць Украіне ўжо акупаваныя тэрыторыі і адмову ўкраінскага боку ад далучэньня да NATO. У той жа час Дональд Трамп не ўдакладніў, якім чынам ён дасягне спыненьня вайны ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні мірнага саміту па Ўкраіне Пуцін агучыў свае ўмовы спыненьня агню, у Кіеве і ў NATO на іх адказалі

«Ён забіў тысячы і тысячы людзей», — сказаў Байдэн пра Пуціна. Ад пачатку вайны адміністрацыя Байдэна цьвёрда падтрымлівала Ўкраіну і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Злучаныя Штаты былі найбуйнейшым ахвярадаўцам вайсковай і фінансавай дапамогі Кіеву падчас канфлікту, хаця апошні зацьверджаны пакет дапамогі на агульную суму 61 мільярд долараў быў адкладзены прыкладна на паўгода, паколькі рэспубліканскія заканадаўцы затрымлівалі працэс, патрабуючы сурʼёзных зьменаў у памежнай палітыцы ў абмен на іх падтрымку.

Пакет дапамогі ў канчатковым выніку быў зацьверджаны, хоць пагадненьня па мяжы не дасягнулі.

Дональд Трам і Джо Байдэн падчас дэбатаў


Байдэн адзначыў падчас дэбатаў, у якіх дамінавалі пытаньні ўнутранай палітыкі, такія як эканоміка, іміграцыя і аборты, што, хоць Вашынгтон быў непахісным прыхільнікам Украіны, ён сабраў лідэраў з больш чым 50 краін сьвету ў кааліцыі, каб дапамагчы Ўкраіне даць адпор расейскім войскам.

Раней у гэтым месяцы Пуцін прапанаваў неадкладнае спыненьне агню з Украінай, выставіўшы ўмовы, якія Кіеў ужо некалькі разоў адхіляў.

Адказваючы на пытаньне аб прапанове Пуціна, 78-гадовы Трамп сказаў, што ўмовы, нядаўна выкладзеныя расейскім кіраўніком для спыненьня вайны, «непрымальныя».

Але Трамп таксама назваў Зяленскага «найвялікшым прадаўцом у гісторыі» просьбаў украінскага лідэра аб ваеннай дапамозе.

«Глядзіце, гэта вайна, якая ніколі не павінна была пачынацца, калі б у нас быў лідэр», — сказаў Трамп, зноў заяўляючы, што ён зможа «ўрэгуляваць» вайну, калі будзе перавыбраны ў лістападзе.

Ён не паведаміў падрабязнасьцяў, як ён дабʼецца такога выніку.

Асьцярогі з нагоды ўзросту

Уражаньні ад выступленьня Байдэна ў дэбатах падкрэсьлілі занепакоенасьць яго ўзростам і тым, ці не занадта стары ён у свой 81 год, каб адбываць яшчэ адзін чатырохгадовы тэрмін, і выклікала пытаньні сярод некаторых дэмакратаў наконт таго, ці варта яму адступіць у якасьці кандыдата ад іх партыі.

Джо Байдэн

Супрацьстаянне Байдэна і Трампа за чатыры зь лішкам месяцы да выбараў 5 лістапада стала самымі раньнімі дэбатамі ў чатырохгадовым цыкле прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, піша Голас Амэрыкі.

Дональд Трамп


Яно стала паўторам двух дэбатаў 2020 году, якія адбыліся за два месяцы да таго, як Байдэн перамог на выбарах, ня даўшы Трампу правесьці другі тэрмін у Белым доме.

Гэта таксама быў першы выпадак дэбатаў дзейнага і былога прэзыдэнта. Акрамя таго, Байдэн і Трамп, якія адчуваюць непрыязнасьць адно да аднаго, упершыню апынуліся ў адным памяшканьні з моманту іх апошніх дэбатаў у кастрычніку 2020 года.

Падчас дэбатаў у студыі не было гледачоў, а абодвух кандыдатаў суправаджалі толькі некалькі памагатых.

У студыі знаходзілася першая лэдзі Джыл Байдэн. Жонкі Трампа там не было, але зьявіліся некалькі рэспубліканцаў, якія жадаюць стаць кандыдатамі ў віцэ-прэзыдэнты пры Трампу.

Абодва кандыдаты на пасаду прэзыдэнта — самыя старыя ў гісторыі ЗША: дэмакрату Байдэну цяпер 81 год, а рэспубліканцу Трампу — 78.

У іх зусім розныя погляды на тое, як кіраваць ЗША са студзеня 2025 году і якую ролю ў сусьветных справах краіна павінна адыгрываць у якасьці ваеннай звышдзяржавы.

Так, Байдэн заклікае да захаваньня цесных сувязяў з эўрапейскімі саюзьнікамі, а Трамп знаходзіцца на ізаляцыянісцкіх пазыцыях.

Байдэн заклікае заходнія краіны згуртавацца ў падтрымцы Украіны ў яе супрацьстаяньні расейскаму ўварваньню. У той жа час Трамп выказваў сумневы з нагоды далейшай падтрымкі Ўкраіны Злучанымі Штатамі. Былы прэзыдэнт заявіў, што ён хутка ўрэгулюе канфлікт, але не ўдакладніў, як.

Абодва кандыдаты падтрымліваюць Ізраіль у яго вайне з баевікамі ХАМАС.

Байдэн, аднак, у апошні час крытыкаваў прэмʼер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу за тое, як ён вядзе вайну ў Газе, і за вялікую колькасьць загінулых там палестынцаў.

Байдэн выступае за спыненьне агню, у той час як Трамп кажа, што Ізраіль павінен хутка «пайсьці і зрабіць усё, што трэба», каб перамагчы ХАМАС.

Агульнанацыянальныя апытаньні паказваюць, што Байдэн і Трамп пакуль ідуць практычна на роўных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Ўкраіна падпісалі дамову пра бясьпеку. Што яна прадугледжвае?