Стала вядома, куды Лукашэнка накіраваў працаваць экс-міністра замежных спраў Сяргея Алейніка

Сяргей Алейнік.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Сяргея Алейніка членам Савету Рэспублікі. Пра гэта інфармуе ўрадавае агенцтва БелТА.

«Ён будзе ўзначальваць адпаведную камісію. Ён з гэтым пагадзіўся», — цытуе агенцтва Лукашэнку.

Лукашэнка нагадаў, што былы дыплямат Сяргей Рачкоў узначальвае ў Палаце прадстаўнікоў Пастаянную камісію ў міжнародных справах. Аналягічная пасада ў Савеце Рэспублікі, сказаў Лукашэнка, будзе і ў Сяргея Алейніка:

«Парлямэнцкі кантроль над працай Міністэрства замежных спраў, па асобных пытаньнях ураду, будзе ўзмоцнены. Усе вы прасілі перадачы вялікіх паўнамоцтваў — вы іх атрымаеце, у тым ліку і парлямэнт».

Адначасова Лукашэнка папярэдзіў парлямэнцкія камісіі міжнародных справаў, каб яны ня надта ціснулі на Рыжанкова:

«Адзінае, хачу папярэдзіць, — працягваў далей Лукашэнка, — Рыжанкова асабліва туды-сюды хістаць марна. І ня толькі таму, што чалавек фактычна падпарадкаваны прэзыдэнту, але яшчэ і таму, што ў яго ў характары гэтага няма, каб ім пануквалі. Але кантроль павінен быць: акуратны, сумленны, прыстойны. Давайце параімся перад прызначэньнем паслоў (абмяркуюць на камісіі) і іншае, іншае, іншае».

Сёньня стала вядома, што 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэньні ва ўрадзе і сваёй адміністрацыі.

Кіраўніком сваёй адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Крутога, які быў амбасадарам Беларусі ў Маскве. З сакавіка 2024 году пасада кіраўніка адміністрацыі была вакантнай, пасьля таго як Ігар Сергеенка трапіў у Палату прадстаўнікоў і стаў у ёй сьпікерам.

Першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Натальлю Пяткевіч.

Міністрам замежных спраў Лукашэнка прызначыў Максіма Рыжанкова. Ён замяніў на пасадзе Сяргея Алейніка, які займаў пасаду міністра замежных спраў з 13 сьнежня 2022-га пасьля раптоўнай сьмерці 26 лістапада 2022 году Ўладзімера Макея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Гэта сыгнал Маскве». Навошта Лукашэнку Пяткевіч, Рыжанкоў, Круты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эйсмант будзе цяжка». Што азначае вяртаньне Натальлі Пяткевіч у Адміністрацыю Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адных наблізіў, другіх аддаліў. Кім незадаволены Лукашэнка?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лукашэнкі новы кіраўнік адміністрацыі. Чаго чакаць?