Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Свабодзе назваў 27 чэрвеня «днём Беларусі ў Страсбуры».
Тут адбываюцца адразу некалькі падзеяў, зьвязаных зь Беларусьсю: цягам дня прайшло пасяджэньне Кантактнай групы, а ў Палітычным камітэце адбылася дыскусія па Беларусі. Зь беларускага боку разам зь Лябедзькам у дыскусіі бралі ўдзел Вадзім Саранчукоў і Вольга Алейнік.
— Пра што вы казалі ў дыскусіі, якія дэталі вашых прапановаў можаце раскрываць?
— Тут сакрэтаў няма, я ад імя так званай «дзявяткі» — дзевяці беларускіх палітычных партый — агучваў гэтыя прапановы. Першы крок — якім можа быць прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у ПАРЭ. Мы шчыльна працавалі з дэпутатамі і агульнымі намаганьнямі на зімовай сэсіі прынялі рэзалюцыю па Беларусі. Адзін з пунктаў гаварыў пра тое, што трэба вызначыць, хто ад імя Беларусі будзе выступаць там. Наша пазыцыя ў тым, каб усе дзеяздольныя пляцоўкі мелі магчымасьць тут працаваць. А гэта на сёньня і Каардынацыйная рада, і супольнасьць палітычных партый. Будзе зафіксаваная канфігурацыя беларускіх дэмакратычных сілаў.
Гэта азначае, што беларусы будуць прыяжджаць на чатыры сэсіі ня толькі на канкрэтныя імпрэзы, як зараз на дыскусіі па Беларусі, а будуць працаваць як паўнавартасныя дэпутаты, толькі без магчымасьці галасаваньня. Гэта вяртае мяне ў сярэдзіну 90-х, калі я быў чальцом дэлегацыі Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня і мы вялі перамовы аб уступленьні Беларусі ў Раду Эўропы і ПАРЭ. Гэта быў статус адмыслова запрошанага. Ён дае права на працу ў камісіях, фракцыях, камітэтах. Гэта тыя магчымасьці, якія мы павінны скарыстаць. Нейкі час яшчэ зоймуць дыскусіі па фармаце такога прадстаўніцтва.
Другая прапанова — падпісаць пагадненьне аб супрацы паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ПАРЭ. Магчыма, для большасьці гэта гучыць як нешта новае, але такое пагадненьне ўжо было падпісанае з Эўрапарлямэнтам, пад дакумэнтам подпісы Сьвятланы Ціханоўскай і Рабэрты Мэтсалы. Таму мы ўжо зьвяртаемся да прэцэдэнту. Нам трэба замацоўваць нашу суб’ектнасьць, асабліва перад пэўнымі выклікамі 2025 году гэта гучыць актуальна.
Трэцяя прапанова — атрымаць ад Вэнэцыянскай камісіі прававое заключэньне на праект «Канстытуцыі Новай Беларусі». У праекце наша візія, якой павінна быць Беларусь без дыктатуры. Мы маем ужо заключэньне на палітычную сыстэму, але патрабуецца прававы вэрдыкт у цэлым на праект Канстытуцыі. На сёньня Вэнэцыянская камісія — галоўны прававы экспэрт у такіх пытаньнях.
Наўпрост зьвярнуцца ў яе мы ня можам, гэта ў паўнамоцтвах Асамблеі і прэзыдэнта ПАРЭ.
Чацьвертае. З учорашняга дня мы маем дакладчыка па Беларусі, гэта дэпутат ад Фінляндыі, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» Кіма Кільюнэн. Для нас гэта важна, але мы хацелі б умацаваць гэтую інстытуцыю групай сяброў незалежнай Беларусі. Каб прадстаўнікі ўсіх пяці асноўных фракцый вылучылі ў гэтую групу сваіх прадстаўнікоў. Чым больш людзей ангажавана ў беларускую тэму, тым лепш для нас, тым больш тэма Беларусі будзе гучаць у Страсбуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы Беларусі і Эўрапарлямэнт падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтвеСустрэчаў у Страсбуры ў нас будзе яшчэ некалькі, але я б вылучыў перамовы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
— Што вы пачулі ад эўрапейскіх партнэраў у гэтыя дні? Ці сьведчыць нешта пра тое, што іх стаўленьне да Беларусі зьмяняецца?
— Я б успомніў час перад расейскай поўнамаштабнай агрэсіяй супраць Украіны. Тады я браў удзел у такіх самых дэбатах на тым самым палітычным камітэце. З боку рэжыму ўдзел у дэбатах браў Савіных (кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Савіных. — РС). Гучалі розныя словы. Большасьць эўрапейскіх палітыкаў падтрымоўвала нас, але гучалі словы пра неабходнасьць «навучаць дэмакратыі» прадстаўнікоў рэжыму. Цяпер жа ў гэтым пытаньні поўны кансэнсус.
Я правёў ужо некалькі двухбаковых сустрэч, у тым ліку з нашымі ўкраінскімі сябрамі і з прадстаўнікамі іншых дэлегацый. Усе ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі як лягер. Лягер, у якім ёсьць розныя баракі, з розным кліматам, але ўсё адно жорсткі рэжым. Тут ёсьць людзі, якія адсочваюць сытуацыю, добра абазнаныя ў беларускай справе. Яны ведаюць, што цяперашняя сытуацыя, якая існуе ў Беларусі, трымаецца толькі на Пуціну і ягонай фінансавай, палітычнай падтрымцы менскага рэжыму. Людзі гуртуюцца вакол таго, што трэба рабіць.
Будзем спадзявацца, што ўдасца неўзабаве сустрэцца і з армянскай дэлегацыяй. Становішча стала імкліва зьмяняцца. Раней яны апускалі галаву і падтрымлівалі Расею, Лукашэнку, а цяпер зьяўляюцца магчымасьці размаўляць зь імі. Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве мы атрымаем яшчэ і групу сяброў Беларусі ў парлямэнце Армэніі.
Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
- Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
- Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
- На цяперашнюю сэсію ПАРЭ запрошаныя тры прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў Беларусі.