Міністэрства спорту і турызму Беларусі заснавала дзьве імгненныя электронныя лятарэі «Морскі бой» і «Шкляны мост».
Як адзначаецца ў апублікаваных на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастановах ведамства, лятарэі арганізавалі для атрыманьня «дадатковых грашовых сродкаў на разьвіцьцё фізычнай культуры і спорту, у тым ліку алімпійскага і паралімпійскага руху».
Лятарэі за свой кошт будзе праводзіць прадпрыемства «Нацыянальныя спартовыя лятарэі», створанае загадам Міністэрства спорту і турызму Беларусі ад 25 жніўня 1999 году.
У дакумэнтах асобна падкрэсьліваюць, што прызавы фонд абедзьвюх лятарэй ня будзе зьяўляцца даходам «Нацыянальных спартовых лятарэй» і яго можна выкарыстаць толькі на выйгрышы іх удзельнікам.
Згодна з дакумэнтамі, прызавы фонд будзе складаць ня менш за 45 адсоткаў і ня больш за 95 адсоткаў ад агульнага аб’ёму прынятых лятарэйных ставак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі заснаваў электронную лятарэю «Свая гульня», каб атрымаць дадатковыя грошы на спортКіраўніком прадпрыемства «Нацыянальныя спартовыя лятарэі» зьяўляецца Аляксей Алегавіч Турчын. Аналягічныя прозьвішча, імя і імя па бацьку меў ахоўнік колішняга прэм’ера Беларусі Сяргея Сідорскага, які пазьней перайшоў у Службу бясьпекі прэзыдэнта Беларусі.
Апроч лятарэй, прадпрыемства займаецца букмэкерскай і гандлёвай дзейнасьцю.