Чаму некаторыя гісторыкі называюць самай пасьпяховай галіной дзейнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі дыпляматычную? Як працавалі дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР? Дзе і да якога часу дзейнічалі і прымаліся яе пашпарты? Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларуска-польскім гісторыкам, прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту Юрыем Грыбоўскім.
0:00 — хто і дзе прызнаў БНР
4:26 — дзе былі створаныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР і колькі іх было
8:37 — якое з прадстаўніцтваў БНР можна назваць самым пасьпяховым
11:52 — як доўга праіснавала дыпляматычнае прадстаўніцтва БНР у Стамбуле
13:34 — як закончыўся лёс прадстаўніцтваў БНР у розных краінах
18:41 — дзе ў сьвеце прымалі дыпляматычныя дакумэнты БНР
21:00 — колькі пашпартоў БНР было выдадзена
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Юрыем Грыбоўскім:
— Некалі на адной з канфэрэнцый я паслухаў ваш даклад пра дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў Стамбуле і быў вельмі зьдзіўлены размахам яе дыпляматычнай дзейнасьці. Таму буду задаваць пытаньні па парадку. Спачатку пра прызнаньне БНР у сьвеце. На гэтае пытаньне няма адзінага погляду, гісторыкі спрачаюцца, называюць розныя лічбы. Дагэтуль знаходзяць невядомыя паведамленьні ў замежнай прэсе пра прызнаньне БНР у той ці іншай краіне. Памятаю, некалькі гадоў назад былі апублікаваныя вытрымкі зь фінскай прэсы пра такое прызнаньне. Што вы можаце сказаць пра гэты бок гісторыі БНР?
— Вы слушна сказалі, што адзінай думкі тут няма, і я лічу, што ў найбліжэйшы час і ня будзе. Трэба разумець, што Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная, а яе органы дзейнічалі ў той час, калі ў сьвеце было вельмі шмат нявызначанасьці. Прынамсі ў нашым рэгіёне Эўропы. Першая сусьветная вайна была такой завірухай, катаклізмам, які разбурыў шматнацыянальныя імпэрыі, што існавалі да таго часу ў Эўропе. Гэта і Нямеччына, і Аўстра-Вугорская імпэрыя, і Расейская імпэрыя, і Асманская імпэрыя. Усе яны перасталі існаваць. На іх руінах пачалі ўзьнікаць розныя нацыянальныя дзяржавы і дзяржаўкі, будучы лёс якіх быў нявызначаны. У 1918 годзе цяжка было сказаць, як будзе выглядаць мапа праз два ці тры гады. Пакуль канчаткова не аформіліся пастановы Парыскай мірнай канфэрэнцыі, усё гэта было пад пытаньнем.
У сувязі з гэтым беларускія памкненьні, якія рабіліся на міжнароднай арэне, каб нехта прызнаў беларускую дзяржаву, мелі такі вынік, пра які мы ведаем.
Гісторыкі, якія займаюцца вывучэньнем дыпляматыі, кажуць, што прызнаньне можа быць дэ-юрэ і дэ-факта. У выпадку БНР у большасьці выпадкаў гаворка і ідзе пра дэ-факта. Калі зьяўляецца нейкая краіна і невядома, што зь ёй будзе далей, будзе яна існаваць ці не, але пры гэтым яна сьцьвярджае, што яна існуе і мае права на функцыянаваньне, у тым ліку і на дыпляматычную дзейнасьць, адкрыцьцё сваіх дыпляматычных прадстаўніцтваў, каб апекавацца сваімі грамадзянамі, адбываецца тое, што адбылося ў гісторыі. У тых умовах прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі было, і яго не было. Не лічыцца з гэтым было немагчыма, усе, асабліва суседзі, мусілі зь беларускім пытаньнем лічыцца. Але, зь іншага боку, браць на сябе палітычныя і дыпляматычныя абавязкі адносна новастворанай дзяржавы таксама не выпадала, бо было невядома, як доўга яна праіснуе і пратрымаецца на паверхні гісторыі.
— Дзе былі створаныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР, колькі іх можна налічыць, які статус і форму яны мелі?
— У розны час існавала некалькі дыпляматычных прадстаўніцтваў, якія рэпрэзэнтавалі беларускія інтарэсы і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі за мяжой. Гэта была прыярытэтная дзейнасьць. Дыпляматычны кірунак разглядаўся дзеячамі БНР як прыярытэтны, асабліва з канца 1918 году, калі яны апынуліся за мяжой Бацькаўшчыны. Трэба было гаварыць пра Беларусь, распаўсюджваць пра яе інфармацыю. Тады Язэп Варонка казаў, што трэба размаўляць з усімі — нават з д’яблам, каб толькі давесьці, што існуе беларускі народ і што беларусы маюць права голасу і права вырашаць уласны лёс.
Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што беларускія дзеячы прыкладалі столькі намаганьняў, каб ствараць дыпляматычныя прадстаўніцтвы.
Дакладна мы можам гаварыць пра існаваньне іх ва Ўкраіне, у той жа Адэсе, дзе дзейнічаў беларускі кансулят.
Асобна трэба сказаць пра дзейнасьць надзвычайнай місіі БНР у Бэрліне, у Нямеччыне. У 1919 і 1920 гадах гэта быў адзін з асноўных кірункаў дыпляматычнай дзейнасьці. У Нямеччыне было шмат беларусаў, перш за ўсё ваеннапалонных з расейскага войска, частка якіх жадала вярнуцца на радзіму.
З 1919 году мы можам гаварыць пра існаваньне дыпляматычных прадстаўніцтваў у краінах Балтыі. Жнівень — верасень 1919 году — гэта той час, калі беларускія палітыкі і дыпляматы прыяжджаюць у Рыгу, там распачынае дзейнасьць вайскова-дыпляматычная місія, якая займаецца беларускімі справамі ня толькі ў Латвіі, але таксама ў Эстоніі і Фінляндыі — там у Хэльсынкі, у Таліне і Лібаве адкрываюцца беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы.
З 1920 году, пасьля заключэньня дамовы паміж Літвой і Беларусьсю, пачало працу дыпляматычнае прадстаўніцтва БНР у Коўне для прадстаўленьня беларускіх інтарэсаў у Ковенскай Літве, як тады казалі.
І адным з апошніх (ці нават апошнім) было адкрытае консульства ў Канстантынопалі, у цяперашнім Стамбуле, пра якое вы казалі. Гэта было дыпляматычнае прадстаўніцтва БНР на Бальканах, якое адказвала ня толькі за дзейнасьць у Турэччыне, але і на тэрыторыі Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў, і на тэрыторыі Баўгарыі. Там неўзабаве таксама былі адчыненыя беларускія прадстаўніцтвы, у Бялградзе і Сафіі, якія падпарадкоўваліся консулу ў Стамбуле.
Яшчэ можна загадаць дыпляматычнага прадстаўніка БНР у Чэхаславаччыне, куды ў 1923 годзе пераехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
Рабіліся спробы «закінуць вуду» на супрацьлеглы бок Атлянтычнага акіяну. Напрыклад, кіраўнік вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у 1919 годзе пасылаў Луцкевічу прапанову адкрыць прадстаўніцтвы ў ЗША і Канадзе. Ён таксама прапаноўваў адкрыць прадстаўніцтвы ў Скандынавіі, у прыватнасьці ў Швэцыі і Даніі, але гэтыя прапановы ня выйшлі за межы плянаў [...]
— Дзе ў сьвеце прымалі дыпляматычныя дакумэнты БНР, у прыватнасьці пашпарты? Да якога часу яны прызнаваліся і дзейнічалі?
— Дзе іх толькі не прымалі. У той час нявызначанасьці — з 1919 па 1921 год, калі лёс Беларусі і цэлага нашага рэгіёну быў яшчэ невядомы — беларускія дакумэнты, якія выдаваліся, а гэта пашпарты БНР і пасьведчаньні аб наяўнасьці беларускага грамадзянства, дзейнічалі і дазвалялі нармальна функцыянаваць за мяжой. Гэта было тады значна лепш — быць грамадзянінам нейкай дзяржавы, чым так званым «безьдзяржаўнікам», чалавекам без грамадзянства.
Што можна было зрабіць зь беларускім дакумэнтам? Па-першае, ён дазваляў легалізавацца. У той жа Латвіі, дзе дзейнічала вайскова-дыпляматычная місія і дзейнічала консульства, вельмі шмат людзей хацела атрымаць беларускі дакумэнт. Латышы яго прызнавалі, таму можна было зарэгістравацца, знайсьці працу, набыць або прадаць нерухомасьць.
Па-другое, беларускі пашпарт даваў магчымасьць падарожнічаць. Можна было паехаць у іншую краіну і, што вельмі важна, можна было паехаць за акіян, у Амэрыку. І шмат хто з тых, хто прасіў выдаць ім пашпарт і зьвяртаўся ў гэтай патрэбе ў беларускія кансуляты ў Рызе ці Стамбуле, пазначалі, што ім гэта неабходна, каб выехаць у Амэрыку. Такое здаралася вельмі часта, што дадаткова азначае, што беларускі пашпарт быў дзейны, што ён працаваў.
Ну і, вядома, дакумэнт даваў людзям шанец на вяртаньне на радзіму. Бо для выезду з адной краіны і прыезду ў іншую таксама быў патрэбны дакумэнт.
— Калі гаварыць пра статыстыку, колькі, на вашу думку, людзей скарысталіся дакумэнтамі БНР, хаця б прыблізна? Колькі пашпартоў магла выдаць Беларуская Народная Рэспубліка?
— Дакладную лічбу назваць цяжка. Гэта патрабуе глыбокага, дэталёвага аналізу. Адказ на гэтае пытаньне гісторыкі яшчэ павінны знайсьці.
Але мы ведаем, што надрукавана было ня менш як 10 тысяч пашпартных блянкаў. Колькі іх дакладна было выкарыстана, цяжка сказаць.
Беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Балтыі выдалі каля трох з паловай тысяч пашпартоў і пасьведчаньняў аб грамадзянстве.
Ня менш як дзьве тысячы пашпартоў і пасьведчаньняў выдала місія БНР у Нямеччыне.
Нашмат менш выдала консульства БНР у Стамбуле — я налічыў недзе паўтысячы.
А пра тое, як доўга дзейнічалі гэтыя дакумэнты, то гісторыкі сьцьвярджаюць, што прынамсі да сярэдзіны 1920-х гадоў, і ёсьць адзінкавыя выпадкі, калі ў канцы 1920-х гадоў людзі карысталіся беларускімі пашпартамі за мяжой. Самой краіны як такой ужо не было, а дакумэнты жылі ўласным жыцьцём.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.