На гэты раз фокус увагі расьсьледнікаў быў накіраваны на Маскоўскае РУУС Менску і злачынствы, якія адбывалiся там у пэрыяд з 9 па 13 жніўня 2020 году.
Экспэрты Камітэту старанна вывучылі 48 індывідуальных інтэрвію (569 старонак тэксту) затрыманых, прааналізавалі фатаздымкі траўмаў і мэдычныя дакумэнты (58 старонак). На падставе гэтага склалі храналёгію падзей, падрабязна выкладзеную ў матэрыялах.
Расьсьледнікі высьветлілі, што ў Маскоўскае РУУС затрыманых звазілі з усяго гораду, сярод іх былі жанчыны, непаўналетнія і пажылыя людзі. Найбольш жорстка абыходзіліся зь людзьмі, якіх фарбай пазначыў АМАП: з тату; тых, хто размаўляў на беларускай мове; зь нестандартнай зьнешнасьцю (доўгімі або фарбаванымі валасамі, дрэдамі, пірсінгам).
На падставе паказаньняў грамадзян і пададзеных імі дакумэнтаў спэцыялісты Камітэту зрабілі выснову, што сілавікі на тэрыторыі РУУС Маскоўскага раёну Менску ажыцьцяўлялі масавыя і сыстэмныя акты катаваньняў і гвалту, у тым ліку сэксуальнага (як мінімум трое пацярпелых сказалі пра гэта), зьдзекаў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні затрыманых.
Людзей праганялі праз шыхт сілавікоў з дубінкамі, гадзінамі трымалі ў нязручных позах, білі. Пры допытах і працэдуры афармленьня ставіліся да затрыманых з асаблівым зьверствам: душылі, накрывалі галаву адзеньнем, сядалі на іх. У адной зь дзяўчат здымалі пірсінг з грудзей абцугамі.
Параненых і пабітых утрымлівалі ў перапоўненых душных і вільготных камэрах, не кармілі, абмяжоўвалі ў вадзе. У прыбіральню выводзілі ў рэдкіх выпадках, пры гэтым абражалі і білі, былі спробы «ўтапленьня» ва ўнітазе. Мэдычнай дапамогі, як правіла, не аказвалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі агучыў дэталі падзей у Цэнтральным РУУС Менску 9–13 жніўня 2020 годуНекалькі цытатаў з паказаньняў пацярпелых
- «Я яшчэ ў аўтазаку зразумеў, што, мусіць, можна і ня выбрацца адтуль жывым. А ў РУУС я ўжо ў гэтым быў упэўнены».
- «Выйсьці ў прыбіральню... Ну, выпускалі рэдка. Там людзі сікалі пад сябе. Ну, хадзілі па вялікай справе таксама пад сябе некаторыя, ад болю, яшчэ нечага…»;
- «Што мяне больш за ўсё ўразіла — тое, што адзін з іх крычаў, што „мы толькі чакаем, калі нам дазволяць ужываць зброю, і мы вас, сук, будзем расстрэльваць. Усіх будзем страляць!“».
Пасьля знаходжаньня ў Маскоўскім РУУС у многіх затрыманых узьніклі сур’ёзныя праблемы зь фізычным і псыхічным здароўем, у некаторых яны маюць незваротны характар.
Публікацыя ўключае ў сябе наступныя разьдзелы:
- «Наступствы: траўмы і пашкоджаньні ў затрыманых», у якім аналізуюцца фізычныя і псыхалягічныя наступствы знаходжаньня ў Маскоўскім РУУС г. Менску;
- «Асобы: адказныя за катаваньні затрыманых», які зьмяшчае апазнаньні пацярпелымі супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС, аналіз інфармацыі з базаў дадзеных партнэрскіх арганізацыяў і ініцыятываў (Праваабарончы цэнтар «Вясна», «Кібэрпартызаны») і з адкрытых крыніц, сацыяльных сетак, Telegram-каналаў;
- «Прававая кваліфікацыя дзеяньняў супрацоўнікаў сілавых органаў Беларусі»: у ім аналізуюцца дзеяньні сілавікоў у адпаведнасьці з нормамі нацыянальнага заканадаўства і стандартамі міжнароднага права.
Таксама аўтары адзначаюць, што неабходныя пэрсанальныя зьвесткі і іншыя дакумэнты мае Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, аднак дзеля бясьпекі крыніц і пацярпелых гэтыя пэрсанальныя зьвесткі ў расьсьледаваньні не разгалошваюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Параўноўвалі з фашысцкім канцлягерам». Апублікавалі расьсьледаваньне пра падзеі 9–13 жніўня 2020 у Савецкім РУУС МенскуНекаторыя дэталі ў паказаньнях
Сярод паказаньняў ахвяраў катаваньняў ёсьць і апісаньні тыповых пытаньняў, якія задавалі міліцыянты. Яны пыталіся ў людзей, колькі ім заплацілі за пратэсты. Пастаянна ішлі пагрозы гвалту, тыя падкрэсьлівалі, што маюць карт-блянш. Вельмі часта пагрозы былі сэксуальнага характару. Як сьведчыць шэраг паказаньняў, гэта былі не пустыя пагрозы, былі зробленыя злачынствы на гэтай глебе.
У РУУС людзей пачыналі біць ужо на выхадзе з аўтазака. Адно са сьведчаньняў:
«Пакуль яшчэ вялі ў актавую залю, пару разоў білі, а адзін раз было такое, ад чаго нос мацней за ўсё пацярпеў і два сколы на зубах зьявіліся: яны знарок, як таранам, міма дзьвярэй прапусьцілі і ў сьценку».
Людзей, якіх пасадзілі на крэслы, прымушалі некалькі гадзін знаходзіцца з сагнутай сьпінай, апушчанай уніз галавой і выцягнутымі на пярэднія крэслы рукамі. Тых, хто спрабаваў разьмяцца або падняць галаву, білі дубінкамі па галаве, сьпіне і руках.
У многіх ахвяраў ад катаваньняў засталіся ўражаньні, што сілавікі дзейнічаюць, як наглядчыкі ў канцэнтрацыйных лягерах. Неаднаразова людзей штурхалі на тое, каб зрабіць балюча іншым, такім самым, як яны.
«Мы заходзім у гэтую актавую залю — і там людзі ляжаць на падлозе. Проста штабэлямі ляжаць з рукамі за галавой, і той сілавік, які мяне вядзе, ён кажа: „Ідзі“. Ён хацеў, каб я проста ішоў па гэтых людзях. Я спрабаваў іх неяк пераступіць, недзе на кагосьці выпадкова наступаў. Спрабаваў не наступаць, але гэта было складана, таму што там іх вельмі шмат, усе ляжаць».
Ад бесьперапыннага біцьця падлога ў актавай залі і калідорах была залітая крывёй, якую сілавікі прымушалі затрыманых выціраць сваім адзеньнем.
Сустракаліся і зьдзекі на глебе веры.
«Аднаго хлопца… усё чапляліся, чаму ў яго крыж праваслаўны на сьпіне — тату было, і прымушалі яго чытаць „Ойча наш“ уголас гучна і білі пры гэтым».
Апісаньні ўсіх зьдзекаў аформленыя ў расьсьледаваньні па днях і прыкладным часе, калі адбываліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выражам усіх мярзотнікаў...» Чаму ад Лукашэнкі нельга чакаць хуткай палітычнай адлігі, а рэпрэсіі стануць яшчэ больш жорсткіміНа каго паказалі ахвяры
Асобна апісваюцца апазнаныя пацярпелымі супрацоўнікі сілавых органаў; акрамя пэрсанальных зьвестак, напісана, у чым менавіта яны бралі ўдзел. Сярод імёнаў называюцца: Уладзімер Гаркуша, Аляксандар Байдалаў, Дзьмітры Андросаў, Павал Рухлянскі, Мікалай Балбуцкі, Сяргей Маліноўскі, Павал Бакачэўскі, Сяргей Андрэенка, Аляксандар Дрозд, Аліна Бабак, Марыя Абметка, Мікалай Зеляноўскі, Аляксандар Аляшкевіч, Павал Гоман.
Пры гэтым шэраг імёнаў маглі пакуль ня быць устаноўленымі, але сьведчаньні і факты працягваюць зьбірацца.
У канцы справаздачы расьсьледнікі прыводзяць сьпіс з 14 сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў катаваньнях. Іх апазналі пацярпелыя, а дадатковую інфармацыю пра супрацоўнікаў экспэрты атрымалі адразу зь некалькіх крыніц. Пры гэтым іхная віна ўсё адно павінна быць даказаная ў судзе, падкрэсьліваюць аўтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка паведаміў, што суд у Варшаве прызначыў разгляд справы аб катаваньнях трох беларусаў на радзіме