Журы ў сваім апісаньні падкрэсьліла ўменьне беларускага пісьменьніка ў творах «пераплавіць гнятлівыя абставіны ў моцныя мэтафары, каб зрабіць адчувальнай абсурднасьць палітычных і экзыстэнцыяльных сытуацый».
У склад журы ўвайшлі пісьменьнік і перакладнік Валянцін Дэкап, паэтка Марына Скалава і літаратар Пітэр Стам. Яны пракамэнтавалі выбар:
«Нягледзячы на малады ўзрост, пісьменьнік, які нарадзіўся ў Беларусі і жыве ў эміграцыі ў Базэлі, ужо мае важкі творчы даробак: пяць раманаў, дзьве п’есы, шматлікія публікацыі ў газэтах. Яго працы былі апублікаваныя швайцарскімі выдавецтвамі Diogenes і Noir sur Blanc і атрымалі міжнароднае прызнаньне. Кнігі Сашы Філіпенкі базуюцца на грунтоўным дакумэнтальным дасьледаваньні, матэрыяле, які ён па-наватарску і дасьціпна ператварае ў мастацкую літаратуру».
Таксама адзначаецца, што на прыкладзе чалавечых лёсаў пісьменьнік «набліжае да чытача складаныя гістарычныя кантэксты».
Згодна з правіламі прэміі, уладальнік галоўнага прызу (у 40 000 швайцарскіх франкаў), выбірае атрымальніка спонсарскай узнагароды (10 000 франкаў). Саша Філіпенка падтрымаў аўтарку і перакладніцу Мод Мабіляр з гораду Генф, якая пераклала на францускую мову творы расейскіх літаратараў Міхаіла Шышкіна, Гузель Яхінай і Рамана Сенчына, а таксама кнігу «La Fleur rouge. Наташа Клімава і расейскія максымалісты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьнік Саша Філіпенка расказаў, што ягонага бацьку ў Беларусі выклікаюць на допыты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі інтэлектуал напісаў, чаму Польшча павінна далей падтрымліваць беларускую справу