Міністар абароны ЗША Лойд Остын правёў першую размову з новапрызначаным кіраўніком расейскага вайсковага ведамства Андрэем Белавусавым.
«У часе размовы міністар падкрэсьліў важнасьць захаваньня сувязі на тле працяглай вайны Расеі супраць Украіны», — паведаміў прэсавы сакратар Пэнтагону брыгадны генэрал ВПС ЗША Патрык Райдэр.
Сьпікер Міністэрства абароны ЗША не ўдакладніў тэмы, якія абмяркоўвалі Лойд Остын і Андрэй Белавусаў.
Патрык Райдэр нагадаў, што да гэтага міністар абароны ЗША размаўляў «са сваім расейскім калегам, тагачасным міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу, 15 сакавіка 2023 году».
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што тэлефонная размова адбылася па ініцыятыве амэрыканскага боку.
«Міністры абмяняліся думкамі наконт сытуацыі вакол Украіны. Андрэй Белавусаў указаў на небясьпеку далейшай эскаляцыі абстаноўкі ў сувязі з пастаўкамі амэрыканскага ўзбраеньня, якія працягваюцца для Ўзброеных сіл Украіны», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні вайсковага ведамства Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША прыехаў у Кіеў зь візытам за два дні да сустрэчы ў фармаце «Рамштайн»Што папярэднічала
Расея 24 чэрвеня выклікала ў Міністэрства замежных спраў кіраўніцу дыпляматычнай місіі ЗША Лін Трэйсі ў сувязі зь нібыта ракетнай атакай Украіны па анэксаваным Расеяй Севастопалі.
У часе зробленага дэмаршу кіраўніцы амэрыканскай амбасады заявілі, што ЗША нібыта «вядуць супраць Расеі гібрыдную вайну і фактычна сталі бокам канфлікту пасьля перадачы Ўзброеным сілам Украіны сучасных узбраеньняў, у тым ліку тых, якія выкарысталі супраць жыхароў Севастопаля».
Расейскі бок сьцьвярджаў, што ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па пляжы амэрыканскімі ракетамі ATACMS з касэтнымі баявымі часткамі, якія «наводзілі амэрыканскія вайсковыя спэцыялісты». Таму, як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Расеі, ЗША «нясуць роўную з кіеўскім рэжымам адказнасьць за гэтае злачынства».
Паводле МЗС Расеі, такія дзеяньні Вашынгтону заахвочваюць улады Ўкраіны «працягваць баявыя дзеяньні да «апошняга ўкраінца», бо выдалі дазвол на ўдары ўглыб расейскай тэрыторыі.
У Маскве заявілі, што такія дзеяньні не застануцца беспакаранымі. «Захады ў адказ абавязкова будуць», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Расеі.
Паводле расейскай адміністрацыі Севастопаля, у выніку падзеньня аскепкаў ракеты загінулі 4 чалавекі, у тым ліку 2 дзяцей, і 151 асоба зьвярнулася па мэдычную дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удар па пляжы ў Севастопалі. Што вядома на гэты момант