Сьвятлана Ціханоўская адкрыла паседжаньне Кансультацыйнай групы Эўразьвяз — Беларусь у Брусэлі. Таксама на ім выступілі прадстаўнікі Эўракамісіі і Службы замежнай палітыкі ЭЗ.
Асноўныя тэмы ўключаюць палітычную сытуацыю ў Беларусі, правы чалавека і прыцягненьне вінаватых да адказнасьці, у прыватнасьці за саўдзел у расейскай вайне супраць Украіны. Таксама абмяркоўваюць падрыхтоўку да прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году.
Ад беларускага боку ўдзел бяруць Сьвятлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі, Павал Латушка, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады, праваабарончых арганізацый.
З боку ЭЗ чыноўнікі, уключаючы Майкла Зібэрта і Дэвіда Кулена. Зібэрт — выканаўчы дырэктар Службы замежных дзеяньняў ЭЗ на кірунках Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнай каапэрацыі і АБСЭ. Кулен — кіраўнік каардынацыйнага штабу супрацы Беларусі, Армэніі і Азэрбайджану з праграмай «Усходняга партнэрства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася супраць плянаў Польшчы зачыніць усе памежныя пераходы на мяжы зь БеларусьсюСярод іншых тэмаў: парушэньні правоў чалавека, палітычныя зьняволеныя, праблемы мабільнасьці беларусаў у ЭЗ і мэдыястратэгіі супраць расейска-беларускіх дэзынфармацыйных кампаній.
«Безумоўна, вельмі важна працягваць палітыку санкцый супраць рэжыму. Санкцыі павінны выконвацца, і без адступленьняў. Аднак, ізалюючы рэжым, нельга ізаляваць народ. Мы павінны падтрымліваць міжчалавечыя кантакты. Беларусам варта езьдзіць, вучыцца ў Эўропе. Нам трэба больш візаў для іх і больш магчымасьцяў для студэнтаў і моладзі. Мы не павінны дапусьціць новай жалезнай заслоны паміж Беларусьсю і Эўропай. Гэта толькі на руку дыктатарам.
Галоўны прапагандысцкі наратыў, што „ў Эўропе вас ніхто не чакае, вы нікому не патрэбныя“. Мы павінны змагацца супраць гэтага наратыву. Каб перамагчы рэжым, трэба заваяваць розумы людзей. Больш, чым калі-небудзь раней нам трэба ўмацоўваць незалежныя СМІ і нашу нацыянальную тоеснасьць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская ў часе свайго выступу.
Таксама яна нагадала, што рэжым «засвоіў навуку 2020 году», таму паспрабуе ператварыць цэлы працэс выбараў 2025 году ў фарс. Яна нагадала пра важнасьць падтрымкі як Беларусі, так і Ўкраіны, якая ў гэты момант змагаецца ў вайне за незалежнасьць ад імпэрскай Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Фрыдман: Лукашэнка намеціў вынік у 90%, каб перабіць дасягненьне ПуцінаУ праграме, сярод іншага, — выступы Кацярыны Кузьняцовай (Беларускі Хэльсынскі камітэт), сястры палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч, Васіля Санковіча (Беларускі дом правоў чалавека), Дар'і Візнэр («Вясна»), Аліны Коўшык (АПК), Кацярыны Шышовай (БАЖ) і іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт пра новыя санкцыі Літвы: «Абмежаваньні ў адносінах фізычных асобаў — гэта памылка»