У кнізе «Мова 404» аўтарства Аліны Нагорнай, якая выйшла ў лістападзе 2021 году, сабраныя гісторыі людзей, якія размаўляюць па-беларуску ў сваёй краіне і сутыкаюцца праз гэта з дыскрымінацыяй.
«Моўная дыскрымінацыя ня зьнікне, калі пра гэта гучна не гаварыць», — зазначыла Аліна Нагорная ў камэнтары Свабодзе, анансуючы прэзэнтацыю расейскае вэрсіі «Мовы 404».
У фэйсбуку яна напісала, што палічыла важным выдаць гэтую кнігу на расейскай мове, бо беларусаў дыскрымінуюць менавіта расейскамоўныя: «Часам намерана, але часьцей празь недастатковую інфармаванасьць і неразуменьне рэальнага становішча».
Па словах Аліны, расейскамоўная вэрсія «Мовы 404» створаная ня толькі для расейскамоўных беларусаў, але і для расейцаў:
«Мы вельмі шмат бачым нэгатыўных выказваньняў расейскіх інфлюэнсэраў альбо лібэральных палітыкаў пра беларускую мову. Я вельмі зацікаўленая ў тым, каб людзі, якія хочуць займацца палітыкай, у тым ліку і ў Расеі, разумелі, што ў нас ёсьць свая мова, свае межы, што Беларусь — гэта асобная краіна... Думаю, гэта вельмі важна ўсьведамляць у сёньняшняй геапалітычнай сытуацыі. Важна падкрэсьліваць і адстойваць сваю мову і абараняць моўныя правы цяпер у Беларусі», — заявіла аўтарка.
Яна зазначыла, што істотную ролю адыгрывае і месца прэзэнтацыі перакладзенай кнігі. Прэзэнтацыя пройдзе 24 чэрвеня ў Reforum Space Vilnius — прасторы, якую заснавалі расейцы і дзе зьбіраюцца расейскія палітычныя актывісты, а таксама журналісты, — у Вільні на вуліцы Užupio, 14. Пачатак у 19:00.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Дня роднай мовы выйшла аўдыёкніга «Мова 404» Аліны Нагорнай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Ігар Случак выдаў кнігу «10 стагодзьдзяў дзяржаўнасьці і дыскрымінацыі беларускай мовы»