Кампанія VK прыняла рашэньне аб закрыцьці некалі папулярнага мэсэнджара ICQ з 26 чэрвеня. Гэтым маленькім стартапам сярэдзіны 90-х карысталіся сотні мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце. Расказваем, як ён ствараўся і як стаў папулярным у Беларусі.
Жарты зь сяброў і заклікі на Плошчу
Пік папулярнасьці ICQ у Беларусі прыпаў на пачатак 2000-х гадоў. Праз мэсэнджар заводзілі знаёмствы, жартавалі і падманвалі адзін аднога. Журналіст, аўтар каналу «Міністэрства сэпультуры» Аляксандар Чарнуха прыгадвае, як у студэнцтве ад імя дзяўчыны перапісваўся з музыкам Вінсэнтам (Vinsent).
«Там можна было вельмі проста завесьці новы акаўнт і празь яго зь некага пажартаваць. У інтэрнаце ў нас была вясёлая тусоўка, і мы „разьвялі“ рэпэра Vinsenta. Стварылі акаўнт ад імя дзяўчыны і доўгі час вялі рамантычную перапіску, дамовіліся на спатканьне, і ён прыйшоў на яго. Пытаўся пасьля, чаму яна не прыйшла. Ну тады мы ўжо раскрыліся. Разам пасьмяяліся. Там вельмі зручна было некаму даслаць паведамленьне, пагаварыць. Памятаю, сядзіш, чакаеш, пакуль чалавек зьявіцца ў сетцы, загарыцца зялёная кветачка. Паралельна былі яшчэ форумы, але такі варыянт камунікацыі быў адзін», — прыгадвае журналіст.
Яшчэ адзін суразмоўца нагадаў, што ў Беларусі была магчымасьць бясплатна сядзець у ICQ пры дапамозе правайдэра «Айчына». Пры такім варыянце ўвесь іншы інтэрнэт быў недаступны, але можна было перапісвацца праз «аську» і не плаціць за гэта.
Салігорскі актывіст Павал Батуеў расказвае, як спрабаваў заклікаць людзей на Плошчу-2006 праз «аську».
«2006 год. Сядзеў і спаміў праз „асю“, каб народ прыходзіў на плошчу. Пазнаёміўся тады зь дзяўчынай, зь якой сябруем да сёньня. Яна адказала, у адрозьненьне ад большасьці тых, каму я рассылаў заклікі. А зь дзяўчынай ня памятаю нават, калі сустрэліся першы раз, хіба не на Плошчы-2006», — расказвае актывіст.
Ізраільскі стартап
Папулярны некалі мэсэнджар ICQ прыдумалі маладыя ізраільскія праграмісты ў 1995 годзе. Сэфі Вігізэру, Арыку Вардзі, Яіру Гольдфінгеру і Амнону Аміру прыйшла ідэя стварыць нешта падобнае на інтэрнэт-пэйджар з функцыяй хуткага абмену паведамленьнямі. Першая вэрсія праграмы мела функцыю абмену допісамі без захаваньня перапіскі. Адзін з істотных плюсаў прадукту на той час — мінімальныя патрабаваньні да хуткасьці інтэрнэту, што было вельмі актуальна для сярэдзіны 90-х гадоў.
У 1996 годзе праграмісты стварылі кампанію Miralibis, а ICQ выйшла ў сьвет. Назва праграмы прайшла ад ангельскага выразу «I seek you» («Я шукаю цябе»). Першыя 40 карыстальнікаў былі сябрамі і знаёмымі распрацоўнікаў. А далей папулярнасьць мэсэнджара расла лявінападобна. Праз паўгода ім карысталася ўжо больш за 800 тысяч чалавек, а за першы год існаваньня лік карыстальнікаў ужо ішоў на мільёны. Карыстальнікі «аські» мелі пэрсанальны нумар: камбінацыю лічбаў.
Нумары былі ў асноўным 9-значнымі. 6, 7 і 8-значнымі хваліліся тыя, хто завёў «аську» першым. Па нумары можна было нават вызначыць час, калі ў чалавека зьявіўся гэты мэсэнджар. Напрыклад, 9-значныя нумары выдаваліся з 2000 году. Кароткія нумары можна было нават прадаць за грошы.
Перад распрацоўнікамі стаяла адна праблема: на 1997 год мэсэнджар усё яшчэ не прыносіў прыбытку. Ён быў бясплатны, без рэклямы, а навіны пра яго распаўсюджваліся ад чалавека да чалавека.
У 1998 годзе ICQ за 407 мільёнаў даляраў купіў амэрыканскі гігант America Online. На той момант сэрвісам карысталіся больш за 5 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце. У «аські» зьявіўся сьпіс кантактаў, магчымасьць захоўваць гісторыю перапісак і адправіць SMS на пошту, дадалося шыфраваньне дадзеных. У 2000 годзе праз ICQ ужо можна было званіць і адпраўляць паведамленьні на тэлефон. Да 2005-га колькасьць карыстальнікаў вырасла да 500 мільёнаў. На канец 90-х — пачатак 2000-х прыпала папулярнасьць гэтага мэсэнджара ў Беларусі.
Пачатак крызісу і адток карыстальнікаў пачаўся са зьяўленьнем Skype і Facebook. У 2010 годзе «аську» выкупіў расейскі фонд Digital Sky Technologies, мэсэнджар стаў належаць Mail.ru Group. Аднак рэанімаваць сэрвіс ім не ўдалося, «аська» стала губляць аўдыторыю на фоне вялікай колькасьці канкурэнтаў.
Першыя онлайн-махляры ў мэсэнджары
Паколькі ў «асьцы» вельмі проста можна было завесьці акаўнт, гэтым карысталіся зламысьнікі. Тады гуляў мэм «Кароль „аські“». Карыстальнікам дасылалі паведамленьне «перайдзі па спасылцы і стань Каралём ICQ». Калі чалавек па ёй пераходзіў і выконваў усе інструкцыі, то страчваў доступ да мэсэнджара, а ягоныя дадзеныя выцякалі да махляроў. Таксама праз ICQ дамаўляліся аб абмене грошаў з электронных гаманцоў на рэальныя. Вядома, што ў 2009 годзе ICQ у Беларусі карысталася 320 тысяч чалавек.
Тады ж распрацавалі лякалізаваную беларускую вэрсію папулярнага мэсэнджара. Яна мела беларускую мову, а таксама лякалізаваныя навіны, прагноз надвор’я ў залежнасьці ад гораду, таргетаваную рэкляму пад беларускі рынак. Ужо ў гэты час «аська» стала страчваць папулярнасьць у Беларусі на фоне росту канкурэнтаў.
«„Аська“ памяняла стыль камунікацыі»
Паводле мэдыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча, «аська» — першы прыклад трансьмежнай камунікацыі. Яна зьмяніла магчымасьці для зносін людзей з розных краін.
«Для мяне гэта быў новы фармат пасьля чатаў. Тады інтэрнэт быў не такім масавым. „Аська“ стала папулярнай у пэрыяд росту аўдыторыі карыстальнікаў інтэрнэту ад 5% да 20%. Інтэрнэтам больш карысталася інжынэрна-тэхналягічная праслойка. Зьмянілася магчымасьць камунікацыі людзей з ІТ-індустрыі ў розных краінах», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
Цяпер, на думку мэдыяаналітыка, мэсэнджары ўсё больш пачынаюць нагадваць сацыяльныя сеткі. А «аська» ў гэтым рэчышчы не стварала дадатковых магчымасьцяў. Таксама для мэсэнджараў на першы плян выйшла пытаньне бясьпекі.
«Цяпер мэсэнджары эвалюцыянавалі ў пляне бясьпекі: абароненае злучэньне, магчымасьць чысьціць перапіску. Цяпер кожны з мэсэнджараў імкнецца стварыць піяр-кампанію, каб даказаць, што ён больш бясьпечны. У часы „аські“ такога не было. Аднак, людзі і самі мусяць быць уважлівымі і думаць пра лічбавую гігіену, мэсэнджар гэта ўсё за людзей ня зробіць», — запэўнівае Міхаіл Дарашэвіч.
Адсотак карыстальнікаў ICQ у апошнія гады быў на мяжы статыстычнай пагрэшнасьці. Напрыклад, у 2020 годзе кампанія #DB3 праводзіла дасьледаваньне наконт выкарыстаньня беларусамі мэсэнджараў і сацыяльных сетак. «Аськай», паводле іх вынікаў, карысталіся 0,9%.
Самымі папулярнымі мэсэнджарамі тады былі Viber (74%) і Telegram (43%).
Згодна з дасьледаваньнем мэдыяспажываньня беларусаў унутры Беларусі ў верасьні-кастрычніку мінулага году па крыніцах атрыманьня навінаў і іншай важнай інфармацыі ў лідэрах быў Telegram (67%), на другім месцы — Viber (54,5%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды пісаць беларусу? Зьявіўся рэйтынг мэсэнджараў у краіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Telegram заблякаваў чат-бот украінскай выведкі і іншых афіцыйных структур