Эўразьвяз ухваліў 14-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі. У яго трапілі БРСМ і БелОМА

Сымболіка БРСМ

Рада Эўразьвязу канчаткова ўхваліла 14-ы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, уведзены ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну і ваеннай агрэсіяй, якая працягваецца.

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным 24 чэрвеня.

У сьпіс, сярод іншага, трапіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Пра БРСМ у дакумэнце напісана, што гэтая «арганізацыя ў Беларусі зьяўляецца адным з асноўных суб’ектаў, якія займаюцца дэпартацыяй украінскіх дзяцей зь незаконна акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі задзейнічаны ў перавыхаваньні і палітычнай падрыхтоўцы дзяцей, а таксама за каардынацыю практычных момантаў, такіх як уладкаваньне дзяцей у Беларусі. Такім чынам, БРСМ матэрыяльна падтрымлівае дзейнасьць, якая пагражае сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны».

У санкцыйны сьпіс трапілі таксама сакратар так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Дзьмітры Мезенцаў, генэральны дырэктар БелОМА Аляксандар Мароз і сам холдынг.

Прадпрыемствы холдынга БелОМА пастаўляюць сваю прадукцыю для вырабу расейскай зброі, у тым ліку прыцэлы для танкаў і стралецкай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАЗ і БелАЗ падалі новы пазоў супраць санкцый Эўразьвязу. Яны змагаюцца супраць іх трэці год

ЭЗ таксама ўвёў абмежаваньні супраць 116 фізычных і юрыдычных асоб Расеі.

Адзін з асноўных пунктаў новага пакета тычыцца расейскага звадкаванага прыроднага газу: уводзяцца абмежаваньні на яго транзыт праз эўрапейскія парты. Расейскі ЗПГ, прызначаны для трэціх краін, больш нельга будзе рээкспартаваць праз парты ў ЭЗ. Пры гэтым забарона на пастаўкі ЗПГ з Расеі ў самі краіны ЭЗ ня ўведзеная.

Таксама санкцыі ўводзяцца супраць 27 танкераў так званага расейскага ценявога флоту і суднаў, якія выкарыстоўваюцца, у прыватнасьці, для перавозкі зброі ці скрадзенага ўкраінскага збожжа.

61 асоба або кампанія ўнесеныя ў санкцыйны сьпіс у сувязі зь прамой падтрымкай імі расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Гэта і кампаніі з трэціх краін — Кітаю, Турэччыны, Казахстану, Кыргызстану і ААЭ.

Уводзяцца таксама дадатковыя захады па барацьбе з абходам санкцый. Пастаўкі тавараў падвойнага прызначэньня ў трэція краіны будуць больш жорстка кантралявацца. Кампаніі ў ЭЗ павінны будуць сачыць за тым, каб іх даччыныя кампаніі ў трэціх краінах ня ўдзельнічалі ў якіх-небудзь дзеяньнях, якія могуць быць скарыстаныя для абыходу санкцыяў.

Санкцыі будуць уведзеныя супраць Сыстэмы хуткіх фінансавых паведамленьняў Банку Расіі — расейскага аналяга SWIFT для ажыцьцяўленьня фінансавых апэрацый з трэцімі краінамі.

Авіякампаніям ЭЗ будзе забаронена заключаць кантракты з расейскімі грамадзянамі або арганізацыямі для чартэрных і прыватных пералётаў па ўсім сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадары краін Эўразьвязу ўзгаднілі 14-ы пакет санкцый супраць Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.