Каталіцкага сьвятара Анджэя Юхневіча павінны былі выпусьціць учора, 22 чэрвеня. Але яго ня вызвалілі, а тэрмін падоўжылі да 2 ліпеня, піша katolik.life.
Такім чынам шумілінскі пробашч знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 45 сутак – даўжэй за ўсіх рымска- і грэка-каталіцкіх сьвятароў, прыгавораных да адміністрацыйнага арышту ў Беларусі.
Раней стала вядома, што яму паставілі разьмяшчэньне ў Фэйсбуку фатаграфій са сваёй выявай зь бел-чырвона-белым сьцягам і сьцягам Украіны. Гэта стала падставай для прыцягненьня клірыка па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне ўстаноўленага парадку правядзеньня пікетаваньня).
Айцец Анджэй Юхневіч – старшыня каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх абшчын Беларусі. Гэта касьцёльны арган, які займаецца супрацоўніцтвам паміж манаскімі ордэнамі.