Financial Times апублікавала матэрыял, паводле якога Сэрбія ўскосна, празь іншыя краіны, экспартавала ва Ўкраіну боепрыпасаў на 800 мільёнаў эўра з пачатку паўнавартаснага расейскага ўварваньня.
У артыкуле пад назвай «Сэрбія глядзіць скрозь пальцы на тое, што ейныя боепрыпасы трапляюць ва Ўкраіну». Ацэнкі экспэртаў паказваюць, што Сэрбія павялічвае продаж боепрыпасаў на Захад, хоць гэта толькі адна зь дзьвюх эўрапейскіх краін, якія не далучыліся да заходніх санкцый супраць Расеі, паведамляе Балканская служба Свабоды.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч пацьвердзіў, што інфармацыя пра кошт боепрыпасаў у асноўным дакладная, ён адзначыў, што Сэрбія экспартуе свае боепрыпасы. Яна ня можа экспартаваць іх ва Ўкраіну ці Расею, але ў яе ёсьць шмат кантрактаў з амэрыканцамі, гішпанцамі, чэхамі і іншымі дзяржавамі.
«Што яны з гэтым робяць, у канчатковым рахунку іхная справа», — сказаў Вучыч.
Ён дадаў, што ягоная праца заключаецца ў тым, каб Сэрбія легальна выкарыстоўвала свае боепрыпасы, у тым ліку легальна зьдзяйсьняла іх продаж. Ён таксама сказаў, што ў Сэрбіі ёсьць сябры і ў Кіеве, і ў Маскве, і што яны браты-славяне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: абмежаваньні ЗША не дазваляюць Украіне атакаваць асноўныя аэрадромы РФСэрбскі прэзыдэнт сказаў, што ягоная дзяржава мае выдатную магчымасьць продажу, бо яе зброя таньнейшая, чым на Захадзе, і дадаў, што агульны аб’ём экспарту боепрыпасаў можа павялічыцца.
На думку дыпляматаў і аналітыкаў, удзел Сэрбіі ў пастаўках боепрыпасаў ва Ўкраіну настолькі схаваны, што афіцыйныя зьвесткі не адлюстроўваюць яго. Інстытут усясьветнай эканомікі ў нямецкім Кілю, які займаецца маніторынгам падтрымкі Ўкраіны, непасрэдна не сачыў за дзейнасьцю Сэрбіі і не спатыкаўся з доказамі ўнёску Бялграду, заявіў Крыстаф Трэбэш, які кіруе гэтымі праверкамі, піша Financial Times.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Гнёт абскардзіў рашэньне сэрбскага суду аб эстрадыцыі ў БеларусьГазэта нагадвае, што Вучыч супрацьстаяў ціску Захаду, які настойваў на прыняцьці рэжыму санкцый супраць Расеі, і што ён дазволіў працягваць расейскія палёты, хоць кажа, што імкнецца да таго, каб Сэрбія стала сябрам Эўразьвязу.
«Эўропа і ЗША гадамі працавалі над тым, каб аддаліць Вучыча ад Пуціна», — сказаў заходні дыплямат Financial Times, дадаўшы, што ключавым гульцом зьяўляецца амэрыканскі амбасадар Крыстафэр Гіл, які прыбыў у Бялград празь месяц пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН ухваліла рэзалюцыю пра генацыд у Срэбраніцы. Бялград адмаўляецца прызнаць віну сэрбаў