ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміў аб затрыманьні жыхара Берасьця і двух расейцаў, якіх затрымалі за спробу рабаваньня дома бізнэсоўца, але па выніку абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на расейскай чыгунцы. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь 1».
У сюжэце паказалі фрагмэнт паказаньняў затрыманага мінулай восеньню 37-гадовага жыхара Берасьця, які нібыта падпісаў зьдзелку са сьледзтвам. На ім ён кажа, што ў 2013 годзе займаўся перавозкай тавараў ва Ўкраіну, дзе і пазнаёміўся з грамадзянінам гэтай краіны, які пазьней стаў «куратарам украінскіх спэцслужбаў».
Прадстаўнік Сьледчага камітэта Беларусі Дзяніс Азаранка заявіў, што затрыманы нібыта пазнаёміўся з двума жыхарамі Расеі і дамовіўся зь імі выконваць заданьні ўкраінскіх спэцслужбаў.
У сюжэце БТ сьцьвярджаецца, што берасьцеец і расейцы вырашылі наладзіць сэрыю тэрактаў на расейскай чыгунцы. У ліпені яны накіраваліся ў Бранск, дзе знайшлі схованку, але ў ёй былі муляжы, паколькі яе да гэтага знайшлі спэцслужбы.
Затрымалі не падчас ускрыцьця схованкі, а пазьней падчас спробы рабаваньня дома бізнэсмэна.
У сюжэце БТ заявілі, што берасьцеец абвінавачваецца па пяці артыкулах КК Беларусі, «у тым ліку разбой і тэрарызм».
Інфармацыю пра абвінавачваньні на адрас расейцаў не агучвалі нібыта «ў інтарэсах сьледзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля «ўмяшаньня староньніх» пад Разаньню сышлі з рэек 18 грузавых вагонаў, у Тамбоўскай вобласьці РФ — зноў пажар на парахавым заводзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што іх цягнікі будуць кідаць пад адхон». Як беларускія партызаны на тыдзень спынілі расейскія эшалёны