Пералікі тэхнічных сродкаў, якія супрацоўнікі пэнітэнцыярных устаноў могуць выкарыстоўваць для «нагляду і кантролю» за асуджанымі, зацьверджаны пастановай Міністэрства ўнутраных спраў № 176 ад 6 чэрвеня. Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У першым пераліку вызначаныя сродкі, якія пэрсанал папраўчых устаноў адкрытага тыпу (так званай хіміі) мае права прымяняць для перадухіленьня правапарушэньняў, злачынстваў, парушэньняў парадку адбываньня пакараньня, а таксама «для атрыманьня неабходнай інфармацыі аб паводзінах асуджаных».
Размова аб сродках выяўленьня, сыстэмах ахоўна-трывожнай сыгналізацыі, кантролю і кіраваньня доступам, біямэтрычнай ідэнтыфікацыі, відэаназіраньня, апэратыўна-дыспетчарскай і гучнай сувязі, пэрсанальных відэарэгістратарах. Акрамя таго, супрацоўнікі такіх устаноў могуць прымяняць сродкі пэрсанальнага кантролю (электронны бранзалет, стацыянарную кантрольную прыладу, мабільную кантрольную прыладу з праграмным забесьпячэньнем), сродкі аўдыёзапісу, а таксама прыборы для надглядаў і ператрусаў.
У другім сьпісе пералічаныя сродкі «нагляду і кантролю», якія адміністрацыі папраўчых устаноў могуць выкарыстоўваць «для папярэджаньня ўцёкаў і іншых злачынстваў, парушэньняў устаноўленага парадку адбываньня пакараньня, а таксама атрыманьня неабходнай інфармацыі аб паводзінах асуджаных».
Сярод іх інтэграваная сыстэма бясьпекі, сродкі выяўленьня, сыстэмы ахоўна-трывожнай сыгналізацыі, кантролю і кіраваньня доступам, біямэтрычнай ідэнтыфікацыі, відэаназіраньня, апэратыўна-дыспетчарскай і гучнай сувязі, пэрсанальныя відэарэгістратары, сродкі аўдыёзапісу, прыборы для правядзеньня надглядаў і вобшукаў.
Акрамя гэтага пэрсанал папраўчых устаноў атрымаў права прымяняць бесьпілётныя лятальныя апараты, а таксама сродкі пераўтварэньня і падаўленьня сыгналаў сотавай сеткі сувязі і бесьпілётнікаў.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах