Беларус Максім Вайткявічус, затрыманы ў Армэніі на запыт уладаў Беларусі, вызвалены і атрымаў палітычны прытулак, паведамляе reform. news са спасылкай на армянскі інфармацыйны сайт factor. am.
Максіма Вайткявічуса вызвалілі 19 чэрвеня.
Вайткявічуса затрымалі ў лютым сёлета пры перасячэньні мяжы з Армэніяй на падставе таго, што Беларусь аб’явіла яго ў вышук па справе аб ухіленьні ад службы. Спачатку яго затрымалі на 40 дзён, пасьля тэрмін быў працягнуты. У сакавіку ён падаў прашэньне аб прытулку. Абарона зьвяртала ўвагу, што ў Беларусі ён адбыў 15 сутак арышту, яго перасьледавалі за палітычныя погляды ў 2020 годзе.
Раней яшчэ адзін беларус, Яраслаў Новікаў, атрымаў прытулак у Армэніі. Яго таксама затрымалі на запыт беларускіх уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская дала інтэрвію армянскай тэлевізіі. Вядучы звяртаўся да яе «спадарыня прэзыдэнт»20 чэрвеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Армэніі Араратам Мірзаянам. Сярод іншага, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі становішча беларусаў у Армэніі, у тым ліку нявыдачу беларускіх грамадзян на патрабаваньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ.
На той жа сустрэчы Пашыньян адзначыў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.
Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.
14 чэрвеня афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі.