Гэтую выснову аналітычнага агляду праваабарончай арганізацыі Freedom House прыводзіць інфармацыйнае агенцтва «Позірк»
У Беларусі мінімум восем палітычных зьняволеных «цяпер утрымліваюцца без сувязі са зьнешнім сьветам на працягу доўгага пэрыяду часу», шасьцёра зь іх знаходзяцца пад вартай без перапіскі і доступу да адвакатаў і сваякоў больш за год, гаворыцца ў аглядзе.
Гэта Марыя Калесьнікава, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка і Максім Знак.
Міжнародная супольнасьць, на думку Freedom House, можа падтрымаць палітычных зьняволеных, якія зазналі гвалтоўнае зьнікненьне праз «публічны і індывідуальны ціск на рэжым, які ўчыніў злачынства». У якасьці прыкладу таго, як працуе міжнародны рэзананс і ціск, аўтары прыводзяць сытуацыю з Ціханоўскім, інфармацыя аб нібы сьмерці якога зьявілася ў 2023 годзе. Тады беларускія ўлады паказалі відэа зь ім, даўшы зразумець, што ён жывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханьні пра беларускіх палітвязьняўПраваабаронцы заклікаюць дэмакратычную супольнасьць спрыяць таму, «каб імёны зьніклых палітвязьняў не сыходзілі з ўвагі грамадзкасьці, нягледзячы на фізычную ізаляцыю чалавека».
«Звычайна кажуць, што горшы страх палітычнага вязьня — быць забытым. Для тых, хто знаходзіцца пад вартай паводле палітычных матываў, міжнародная ўвага можа азначаць розьніцу паміж жыцьцём і сьмерцю; прыцягненьне ўвагі да тых, хто знаходзіцца за кратамі, часта ўскладняе рэжымам задачу па ўтойваньні сваіх злоўжываньняў», — лічаць аўтары агляду.
Паводле ацэнак Дзярждэпартамэнта ЗША, «ва ўсім сьвеце ўтрымліваецца каля мільёна палітычных зьняволеных», зьвяртае ўвагу Freedom House.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ім у турмах Беларусі цяжэй, чым іншым. Пяць цытатаў пра ўразьлівыя групы палітвязьняў«Як і ў выпадку з кароткатэрміновымі зьнікненьнямі, утрыманьне пад вартай без сувязі са зьнешнім сьветам дазваляе турэмным уладам з большай лёгкасьцю хаваць доказы жорсткага абыходжаньня з палітычнымі зьняволенымі. Гэта змрочная рэальнасьць, якая прымушае шмат каго на волі задавацца пытаньнем, ці жывыя яшчэ іх сваякі», — гаворыцца ў аглядзе.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы дакумэнт на сваёй старонцы ў X, падкрэсьліла: «Каб расказаць гісторыі ахвяр рэжыму не патрэбныя асаблівыя нагоды, мы павінны кожны дзень нагадваць сьвету аб іх лёсе».
Выступаючы 13 чэрвеня на слуханьнях Камісіі ЗША ў бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хельсінкская камісія) «Заглушанае іншадумства: доля палітвязьняў і пошук адказнасьці» Ціханоўская паведаміла, што ня менш як 250 беларускіх зьняволеных сёньня знаходзяцца ў сьмяротнай небясьпецы, шасьцёра ўжо памерлі.
Палітык таксама папрасіла ЗША падтрымаць заклік да генэральнага сакратара ААН даць доступ да тых, хто знаходзіцца за кратамі, аказаць ім мэдычную і юрыдычную дапамогу, аказваць ціск на рэжым для вызваленьня палітвязьняў, а таксама павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцам і сем’ям рэпрэсаваных.
На 21 чэрвеня ў Беларусі, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», 1424 палітвязьні.