У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» былы кандыдат у прэзыдэнты (2006) Аляксандар Мілінкевіч падзяліўся сваімі развагамі пра тое, як зьмянілася беларускае грамадзтва за 30 гадоў пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году.
— Мы дамагліся неверагодна шмат, нягледзячы на дыктатуру. Калі абіралі Лукашэнку ў 1994 годзе, у людзей не хапала палітычнай культуры і разуменьня, што з гэтага можа выйсьці. Не хапала разуменьня, хто мы такія і куды нам ісьці.
Зараз грамадзтва зусім іншае, гэта проста неба і зямля. Грамадзтва прадэмакратычнае. Бо ў 2020 годзе людзі выйшлі не за лусту хлеба, не з эканамічнымі патрабаваньнямі – яны выйшлі за годнасьць... Гэта маральная каштоўнасьць, эўрапейская.
Беларусы, можа, і несьвядома, выступаюць за эўрапейскі лад жыцьця. Беларусы аб’езьдзілі ўвесь сьвет, яшчэ нядаўна мелі больш за ўсіх на сьвеце шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Беларусы ўмеюць аналізаваць і знаходзіць інфармацыю. Сёньня грамадзтва гатовае будаваць эўрапейскую і беларускую Беларусь.
Цалкам інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».