У горадзенскі заапарк прывезьлі новых жывёлаў
Дзьве газэлі (джэйраны), японскі журавель, алеуцкія канадзкія казаркі, гусі-суханосы і розныя грызуны прыехалі з маскоўскага заапарку. Аўстралійскую яшчарку сінеязыкага сцынка, шэрую горную каралеўскую зьмяю і іншых рэптылій прывезьлі з тульскага экзатарыюму. Джэйраны і японскі журавель зьявіліся ў заапарку ўпершыню. Усе навасёлы пакуль знаходзяцца на карантыне, расказалі ў горадзенскім заапарку.
Выйшаў першы кліп мужчынскага гурту Kasary
Відэа запісалі на лірычную песьню «Не ходзі, козачэ» зь вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Яго апублікавалі 19 чэрвеня.
Пра стварэньне гурту «Касары» стала вядома сёлета ў пачатку году. Мужчыны там выконваюць традыцыйныя беларускія песьні пад акампанэмэнт акарыны, колавай ліры, флейты, бубна. Усяго дзевяць удзельнікаў. Кіраўнік і заснавальнік — музыка Сяржук Доўгушаў.
Сяржук Доўгушаў праводзіць сьпеўны сход на фэстывалі Soncahrai на Падляшшы (Польшча), чэрвень 2023 году. Архіўнае фота
У «Касарах» сабраліся людзі, якія летась бралі ўдзел у сьпеўных сходах з Доўгушавым. Гурт пачынаўся з аматарскага пяяньня ўвечары пасьля працы.
«Празь беларускія традыцыйныя сьпевы і інструмэнты яны шукаюць уласнае натуральнае гучаньне, адкрываючы новыя сэнсы ў шматслойных вобразных тэкстах», — гаворыцца ў апісаньні да відэа.
Удзельнікі гурту ўжо маюць свой рэпэртуар. Выступаюць на культурных імпрэзах у Польшчы. Часьцей іх можна ўбачыць у чорных строях з беларускім арнамэнтам, часам у белых традыцыйных кашулях, таксама яны носяць чорныя шапкі накшталт кучомак.
Выратавалі са студні сабаку ў Івацэвічах
У панядзелак сабака зваліўся ў студню ў Івацэвічах. Ратавальнікам патэлефанавала жанчына, якая пачула брэх. Жывёліна знаходзілася ў сухім каналізацыйным калодзежы на глыбіні паўтара мэтра. Ратавальнікі спусьціліся туды і выцягнулі сабаку, паведамілі ў МНС.
Качка выседжвае птушанят у цэнтры Менску
Качка зрабіла сабе гняздо на высокай клюмбе ў двары банку паблізу парку Горкага і ракі Сьвіслач. Супрацоўнікі банка абгарадзілі месца ахоўнай стужкай, сталі прыносіць птушцы ваду і ежу. Качцы нават далі імя — Капейка. Паводле арнітоляга Аляксандра Вінчэўскага, непасрэдна каля Сьвіслачы птушкам няма дзе гнязьдзіцца, бо там шумна і пастаянна косяць траву. Ён таксама адзначыў, што качак ня варта карміць, піша выданьне Smartpress.
Пачалося астранамічнае лета
20 чэрвеня прайшоў дзень летняга сонцастаяньня. У Менску яно прыпала на 23:50. Сонца ў гэты дзень праходзіць самы доўгі шлях на небе, трапляе ў самую паўночную каардынату і затрымліваецца ў самым высокім пункце над даляглядам амаль на 24 гадзіны.
Гэта самы доўгі дзень і самая кароткая ноч у годзе. Зь яго пачалося астранамічнае лета, якое пратрымаецца ў Беларусі да 22 верасьня.
Сёлета дзень летняга сонцастаяньня адбыўся надзвычай рана, бо высакосны год. Апошні раз так рана яго адзначалі ў 1796 годзе. Звычайна гэты дзень прыпадае на 21 чэрвеня.
Беларусы ў розных краінах у пэрыяд каля дня сонцастаяньня адзначаюць старажытнае земляробчае сьвята Купальле.
Дзяўчаты плятуць вянкі, а пад канец сьвята пускаюць іх на ваду. Лічылася, што з гэтага дня ўжо можна купацца. Паводле традыцыі, ставяць слуп з колам наверсе, якое сымбалізуе сонца, вакол яго распальваюць агонь. Вакол вогнішча водзяць карагоды пад купальскія сьпевы. Потым ахвотныя пары скачуць праз агонь.