Публікуем урывак з інтэрвію Мілінкевіча.
— Калі кандыдат у прэзыдэнты Сямён Домаш выступаў на тэлебачаньні, то кіраўнік тэлебачаньня (не афіцыянтка, а кіраўнік тэлебачаньня!) прынёс яму такую сінюю шклянку з вадою зь нёманскага шкла, паставіў яе на стол. Домаш выпіў, а ўвечары ў яго быў абшырны інфаркт.
Мы ня сталі яго лячыць у Беларусі, мы павезьлі яго ў Кракаў, там яму зрабілі доўгую апэрацыю на сэрцы. І хірург сказаў, што гэта не натуральны інфаркт. Бо ў Домаша быў ідэальны ціск — 120 на 80, ён спартовага складу, ён сапраўды займаўся спортам.
Я ўжо пазьней для сябе зрабіў такую выснову, што, хутчэй за ўсё, гэта было тое, што мы зараз добра ведаем як «Навічок».
Домаш вырастаў тады ў сапраўднага лідэра дэмакратычнай супольнасьці, якога падтрымлівалі і сярод намэнклятуры. Гэтага не маглі ня ведаць адпаведныя спэцслужбы, і яны маглі такое зрабіць. Сёньня гэта нікога не зьдзіўляе.
Цалкам інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».