У Саудаўскай Арабіі падчас хаджу загінулі ўжо больш за тысячу чалавек. Аб гэтым паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.
Сярод загінулых сама меней 658 грамадзян Эгіпту, 68 — Індыі, 60 — Ярданіі, 35 — Пакістану, 35 — Тунісу. ТАСС са спасылкай на генконсульства Расеі піша пра пяцёх загінулых расейцах.
Па дадзеных AFP, больш за палову загінулых — гэта незарэгістраваныя паломнікі, многія зь якіх ня маюць доступу да кандыцыянаваных памяшканьняў і мэдыцынскай дапамогі.
На хадж у Мэкку з розных краін прыбылі звыш 1,5 млн чалавек з 22 краін. Па дадзеных Саудаўскага нацыянальнага мэтэаралягічнага цэнтру, 17 чэрвеня, у панядзелак, тэмпэратура паветра ў цені Вялікай мячэці ў Мэццы склала 51,8 градуса паводле Цэльсію, а ў аўторак — 47 градусаў.
На фатаграфіях і відэа, якія публікуюць у сацыяльных сетках, відаць, што целы людзей, накрытыя тканінай, ляжаць проста на вуліцы. Многія паломнікі знаходзяцца на вуліцы пад пякучым сонцам. У Міністэрстве аховы здароўя краіны раней паведамілі, што зь цеплавым ударам было шпіталізавана больш за дзьве тысячы паломнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звыш 550 паломнікаў памерлі падчас хаджу ў Саудаўскай Арабіі, большасьць ад сьпякоты