Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных справаў Армэніі. Чаму гэта важна

Сьвятлана Ціханоўская з Араратам Мірзаянам у Вільні, Літва. 20 чэрвеня 2024 году

Сустрэча адбылася ў час дыпляматычнага крызісу паміж Ерэванам і афіцыйным Менскам.

Беларуская лідэрка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных справаў Армэніі Араратам Мірзаянам у Вільні.

Падчас дыялёгу бакі абмеркавалі палітычную сытуацыю ў Беларусі, Армэніі і рэгіёне, а таксама супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з урадам, парлямэнтам і грамадзянскай супольнасьцю Армэніі.

Асобна Ціханоўская і Мірзаян пагаварылі пра становішча беларусаў і беларусак у Армэніі, а менавіта — пра невыдаваньне беларускіх грамадзянаў на запыт рэжыму.

Напрыканцы сустрэчы беларуская лідэрка выказала спадзяваньне на працяг шчыльнага супрацоўніцтва паміж Армэніяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ціханоўская падкрэсьліла: народы Армэніі і Беларусі заслугоўваюць свабоднае, дэмакратычнае, эўрапейскае будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі

Сустрэча Ціханоўскай і Мірзаяна адбылася на фоне напружаных адносін паміж Ерэванам і афіцыйным Менскам.

12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ.

На той жа сустрэчы Пашыньян адзначыў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.

Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.

14 чэрвеня афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: Беларусь пастаўляла Азэрбайджану зброю ў пэрыяд напружанасьці з Армэніяй у Карабаху