Пакуль існуе адмоўнае сальда тавараў і паслуг, існуе і пагроза дэвальвацыі, — эканамістка Лузгіна

Будынак Нацбанку Беларусі, архіўнае фота

Экспэртка дасьледчага цэнтру Beroc, эканамістка Анастасія Лузгіна расказвае, як спыненьне таргоў валютамі на Маскоўскай біржы можа паўплываць на курс беларускага рубля і наколькі вялікая пагроза дэвальвацыі з прычыны адмоўнага сальда замежнага гандлю.

Сьцісла:

  • Хістаньні курсу расейскага рубля будуць узмацняцца.
  • У блізкай пэрспэктыве абвалу курсу расейскай валюты чакаць ня варта.
  • Беларусь вымушаная прадаваць калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты па зьніжаных цэнах. Таму аддача ад беларускага экспарту зьмяншаецца.
  • Да выбараў 2025 году ўлады пастараюцца не дапусьціць істотнага росту інфляцыі.

— Маскоўская біржа абвясьціла пра спыненьне таргоў далярам і эўра пасьля ўвядзеньня новых санкцый Міністэрствам фінансаў ЗША. Які эфэкт гэта можа аказаць на курс беларускага рубля?

— На гэты момант беларускі рубель трохі ўмацаваўся да амэрыканскага даляра і трохі аслаб да расейскага рубля. Бо расейскі рубель цяпер таксама ўмацоўваецца ў дачыненьні да даляра.

Апошнія некалькі гадоў дынаміка курсу беларускага рубля ў цэлым паўтарае дынаміку рубля расейскага. Іншае пытаньне, што курс расейскага рубля да гэтых падзеяў, да спыненьня таргоў на Маскоўскай біржы, вызначаўся традыцыйным рынкавым спосабам, а цяпер гэта рабіць немагчыма. Цэнтрабанк Расеі адмяніў таргі, і цяпер курс вызначаецца іншым чынам. Гэта ўжо больш складаны і непразрысты спосаб.

Гэта пагражае тым, што будуць узмацняцца хістаньні курсу расейскага рубля. І да таго ж, курс, які ўстанаўліваецца зараз, можа адрозьнівацца ад таго, які быў бы ў выніку таргоў на біржы.

Анастасія Лузгіна

А ў Беларусі, дарэчы, курс дагэтуль усталёўваецца на падставе попыту і прапановы на біржы. Таму асабліва сур’ёзных наступстваў для беларускага валютнага рынку я пакуль ня бачу. Бо ў любым выпадку асноўная важная частка, на падставе якой будзе складвацца курс расейскага рубля, гэта стан замежнага гандлю Расеі. А гэты стан на сёньня мае вялікае станоўчае гандлёвае сальда.

Больш за тое, з прычыны праблемаў з разьлікамі па імпарту гэтае станоўчае сальда ўзрастае. Расейцы часам проста тэхнічна ня могуць аплаціць імпарт. Замежнай валюты ў краіне шмат, і калі спалучыць гэта з рознымі абмежаваньнямі на расейскім валютным рынку, якія былі ўведзеныя раней, то гэта падтрымлівае курс расейскага рубля да замежных валютаў.

Таму ў блізкай пэрспэктыве там ня варта чакаць нейкага абвалу. Наадварот, мы назіраем часовае ўмацаваньне курсу расейскага рубля. Але, паўтаруся, што можа здарыцца — гэта больш заўважныя хістаньні курсу ў той ці іншы бок. Адпаведна, гэта будзе адбівацца на курсе беларускага рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўская біржа спыніла гандаль далярам і эўра праз новыя санкцыі

— Аднак беларускае сальда замежнага гандлю зусім не такое станоўчае. Як гэты ўнутраны чыньнік будзе ўплываць на курс беларускага рубля?

— Так, мы бачым адмоўнае сальда па таварах і паслугах. Яно пакуль ня вельмі вялікае, але фіксуецца ўжо на працягу двух месяцаў. Калі паглядзець больш дэталёва, то мінус нарастае за кошт пагаршэньня паводле артыкулу «сыравінныя тавары». Не за кошт інвэстыцыйных альбо спажывецкіх тавараў.

Беларусь купляе нафту і прадае нафтапрадукты. І тут розьніца ў цане моцна скарацілася. Бо цана на нафту расьце, а нафтапрадукты прадаць за большую цану не ўдаецца. Можна сьцьвярджаць, што Беларусь вымушаная прадаваць калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты па зьніжаных цэнах. Таму аддача ад беларускага экспарту памяншаецца.

Плюс захоўваюцца рызыкі таго, што па групе спажывецкіх тавараў таксама будзе пагаршэньне. За кошт росту выдаткаў на вытворчасьць (з прычыны павялічэньня заробкаў) і за кошт актыўнага крэдытаваньня. Калі гэта будзе захоўвацца, то паспрыяе росту імпарту.

— Была інфармацыя, што павялічваецца і грашовая маса. Як гэта можа ўплываць на курс рубля?

— Так, у параўнаньні зь мінулым годам ёсьць істотнае павелічэньне грашовай масы, у тым ліку наяўных грошай, але гэты рост запавольваецца. Нацбанк заціскае гэты працэс. Грашовая маса расьце пераважна за кошт тэрміновых дэпазытаў, людзі нясуць грошы ў банкі.

Яшчэ цікавая адметнасьць замежнага гандлю — пагаршэньне сытуацыі з гандлем паслугамі. Найхутчэй, гэта зьвязана з тым, што камунікацыйныя і транспартныя паслугі спрацоўваюць ня так добра, як 4-5 гадоў таму. З прычыны ўсім вядомай сытуацыі ў ІТ-сэктары і праз рост выдаткаў на лягістыку. Так што гэтыя традыцыйныя беларускія флягманы экспарту паслуг ужо не зьяўляюцца галоўнымі драйвэрамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». На колькі падаражэюць аўто. Беларусаў адвучваюць ад заходніх аўтамабіляў

— Калі паспрабаваць падсумаваць усе гэтыя чыньнікі, які кароткатэрміновы і доўгатэрміновы прагноз можна зрабіць на дынаміку курсу беларускага рубля? Вядома, калі ня здарыцца нічога надзвычайнага, а толькі абапіраючыся на тыя тэндэнцыі, якія вы апісалі.

— Пакуль на валютным рынку мы ня бачым нейкай асаблівай напружанасьці. Але калі будзе захоўвацца сукупнае адмоўнае сальда замежнага гандлю па таварах і паслугах, то, вядома, гэта прывядзе да пагаршэньня сытуацыі на валютным рынку і паскарэньня ўстойлівых дэвальвацыйных працэсаў.

— Гэта будзе праяўляцца і ў росьце інфляцыі?

— Не, інфляцыю ўлады трымаюць адміністрацыйнымі мэтадамі. Наўрад ці да выбараў 2025 году яны дапусьцяць істотны інфляцыйны рост.

Аднак курс беларускага рубля дагэтуль вызачаецца рынкавым шляхам, у адрозьненьне ад цэнаў. Таму якраз на курсе рубля можам пабачыць гэтыя вынікі. Пакуль ніякіх істотных зьменаў не назіраем. Трэба сачыць, як далей будзе працаваць замежны гандаль. Пакуль ёсьць адмоўнае сальда тавараў і паслуг, існуе і дэвальвацыйная пагроза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 27% за дзень. Ці сьведчыць падзеньне акцый ЕPAM аб праблемах у беларускім ІТ-сэктары