Марк Рутэ лічыцца найбольш пажаданым кандыдатам для большасьці чальцоў па NATO, у тым ліку такіх буйных чальцоў Альянсу, як ЗША і Нямеччына, адзначае Euronews.
Вугоршчына зьняла вета з яго кандыдатуры. Каб забясьпечыць сабе пасаду, Рутэ, які сыходзіць з пасады кіраўніка ўраду Нідэрляндаў, даў пісьмовыя гарантыі, што Вугоршчына ня будзе браць удзел у новых плянах Альянсу па аказаньні падтрымкі Ўкраіне.
Дзеючы генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг вітаў гэтае пагадненьне.
«Гэта азначае, што мы вельмі блізкія да прыняцьця рашэньня. Не я буду вырашаць, хто стане маім пераемнікам. Гэта павінныя зрабіць краіны-чальцы NATO, але я рады, што мы блізкія да рашэньня, таму што Вугоршчына была адной з нямногіх краінаў, якія выступалі супраць Марка Рутэ. І калі Будапэшт зараз падтрымлівае Рутэ, да прызначэньня застаецца зусім няшмат», — сказаў Столтэнбэрг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Нідэрляндаў: мяжа з Расеяй і Беларусьсю — наша калектыўная мяжаДля прызначэньня генэральнага сакратара патрабуецца згода ўсіх 32 чальцоў Альянсу.
Раней Славаччына заявіла, што гатова падтрымаць Рутэ ў абмен на дапамогу з узмацненьнем СПА.
На пачатку гэтага года Турэччына выступіла супраць кандыдатуры Рутэ, але ў красавіку зьняла свае пярэчаньні.
Прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс таксама высунуў сваю кандыдатуру на гэтую пасаду, але афіцыйныя асобы і аналітыкі лічаць, што ён не будзе ўяўляць сурʼёзнай канкурэнцыі Рутэ. Чакаецца, што Ёханіс найбліжэйшым часам здыме сваю кандыдатуру.