Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Экспэрты праекту адзначаюць, што ўлады ўзялі курс на «адмову нават ад кіраваных экспэрымэнтаў зь пераразьмеркаваньнем палітычнага ўплыву ўнутры сыстэмы».
У дакладзе падкрэсьліваецца, што электаральная кампанія 25 лютага «на ўсіх сваіх стадыях была пазбаўленая нават імітацыйных элемэнтаў канкурэнцыі, уласьцівых беларускім выбарам да 2020-х гадоў».
Пацьвярджае гэта, на думку аналітыкаў, «зачыстка партыйнага поля», якая прайшла перад выбарамі. У выніку ў Беларусі працягваюць легальна дзейнічаць толькі чатыры праўладныя партыі. Пры гэтым альтэрнатыўным кандыдатам не дазвалялі нават ствараць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў, а «адзіны апазыцыянэр, які публічна заявіў пра сваё жаданьне пайсьці на выбары, былы старшыня партыі „Зялёныя“ Дзьмітры Кучук, неўзабаве пасьля кампаніі быў арыштаваны па крымінальнай справе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая карона для Лукашэнкі. Вынікі пасяджэньня УНС ад Вадзіма МажэйкіАўтары дакладу лічаць, што пасяджэньне УНС у красавіку «стала апагеем паступовай нармалізацыі культу асобы Аляксандра Лукашэнкі», і зьвяртаюць увагу на тое, што фармат мерапрыемства «максымальна наблізіўся да савецка-кітайскіх узораў правядзеньня зьездаў кіраўнічай партыі і іншых вярхоўных калегіяльных органаў».
Аналітыкі заяўляюць, што вясной гэтага году ў Беларусі таксама «працягнулася мілітарызацыя па ўсіх напрамках — ад сфэры адукацыі да кадравай палітыкі».
«Унутры гэтага трэнду асобна можна вылучыць нетыповае для беларускага рэжыму ўзмацненьне інфраструктуры ўплыву аднаго з вышэйшых сілавікоў — Мікалая Карпянкова», — гаворыцца ў дакладзе. Удакладняецца, што гэта выявілася, у прыватнасьці, у працягу практыкі «стварэньня рэгіянальных атрадаў спэцназу ўнутраных войскаў, якія накіраваныя на барацьбу з „экстрэмізмам“». «Байцы гэтых падразьдзяленьняў сыстэматычна прыцягваюцца да затрыманьняў апанэнтаў улады», — адзначаюць экспэрты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Выбары ў Каардынацыйную раду — зьверка з рэальнасьцю«Праз выбары ў Каардынацыйную раду (КР) у дэмакратычных сілах адбываецца інстытуцыяналізацыя структураў з альтэрнатыўным офісу Сьвятланы Ціханоўскай поглядам на прыярытэты і задачы апазыцыі», — падкрэсьліваецца ў дакладзе.
«Гаворка пакуль не ідзе аб адкрытым апаніраваньні структурам Ціханоўскай або непрызнаньні яе лідэрства. Аднак большасьць са сьпісаў, якія прайшлі ў КР, прапануюць розныя варыянты мадыфікацыі прыярытэтаў дэмсілаў: ад лябіяваньня мацнейшага міжнароднага ціску на рэжым і абʼяднаньня дыяспары ў адзіны вялікі рух да фокусу на мабільнасьці, візавых праблемах беларусаў і перамовах зь Менскам дзеля вызваленьня палітвязьняў», — адзначаюць аўтары дакладу.
У каманду праекту «Беларускі трэкер пераменаў» уваходзяць заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман, асацыяваны аналітык Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах Павел Слюнькін, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі, дырэктарка і старшы супрацоўнік Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік і Генадзь Коршунаў, а таксама незалежны сацыёляг Філіп Біканаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давер да ўлады не расьце, у грамадзтве антываенны і антыядзерны кансэнсус, — вынікі апытаньня