Пісьменьнік і кінарэжысэр Уладзімер Казлоў нарадзіўся і вырас у Беларусі, але больш за два дзесяцігодзьдзі жыў і працаваў у Расеі. У гутарцы са Свабодай Казлоў патлумачыў, чаму ў апошнія гады перагледзеў сваю самаідэнтыфікацыю, якія меў уражаньні ад Беларусі пасьля 2022 году і чаму цяперашнія падзеі на постсавецкай прасторы маюць карані ў 1990-х. Інтэрвію ён даў на беларускай мове.
— У інтэрвію Свабодзе ў 2018 годзе вы вызначалі сябе як «беларуса і расейскага пісьменьніка». Ці зьмянілася неяк вашая самаідэнтыфікацыя пасьля пратэстаў 2020 году і маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022-м?
— Так, цяпер я ўспрымаю сябе больш беларусам, чым тады. Мая беларуская ідэнтычнасьць цяпер большая — я гэта адчуў пасьля 2020 году. Гэта адбылося на эмацыйным узроўні — я тады адчуў, што я беларус, хоць жыў у Расеі. Я зразумеў, што я ідэнтыфікую сябе з тымі людзьмі, якія выходзяць на пратэсты ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі.
Я пражыў у Расеі больш за 20 гадоў. Калі адбылося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе, я адчуў, што мне вельмі складана ідэнтыфікаваць сябе з гэтай Расеяй. Гэта была вельмі іншая Расея, чым тая, у якую я прыехаў у 2000 годзе. Тады гэта была яшчэ даволі свабодная краіна ў параўнаньні зь Беларусьсю, зь якой я тады зьяжджаў.
Калі я фармулюю сваю ідэнтыфікацыю цяпер, дык гэта «беларус і беларускі рускамоўны пісьменьнік».
— Вы езьдзілі ў Беларусь пасьля 2020 году — якія былі вашыя ўражаньні, якія зьмены вы заўважылі?
— Я быў у Беларусі некалькі разоў, і мяне ўразіла, што на першы погляд нічога не зьмянілася. Я памятаю свае ўражаньні ад Магілёва і Менску ў 2021 годзе. Шмат людзей ужо былі рэпрэсаваныя, катаваныя, вымушаныя зьехаць зь Беларусі, але калі глядзіш на цэнтар Менску, усё нібыта нармальна — людзі сядзяць у кавярнях, гуляюць. Але потым ты пачынаеш разумець, што адбылося.
Па-першае, шмат людзей зьехалі зь Беларусі — нават тыя, хто ня ўдзельнічаў у пратэстах. Шмат людзей не жадалі больш жыць у такой Беларусі, бо ня бачылі ніякай будучыні. Тыя, хто застаўся, мусілі прызвычаіцца. Тое ж самае адбывалася ў канцы 1990-х, я памятаю гэта — калі людзі зразумелі, што вось ён, такі аўтарытарны, дыктатарскі рэжым, дык нехта зьехаў, а тыя, хто застаўся, пачалі прызвычайвацца.
І вельмі падобны працэс адбываецца цяпер. Людзі не гавораць пра тое, што адбывалася ў 2020 годзе, не гавораць пра пратэсты, тым больш зь незнаёмымі людзьмі, але яны ўсё разумеюць. Я ня думаю, што іх погляды зьмяніліся, што прапаганда за гэтыя 4 гады неяк зьмяніла іх погляды. Не, гэта тыя ж самыя людзі, але яны разумеюць, што ня могуць больш вольна выказвацца пра тое, што яны сапраўды думаюць пра рэжым у краіне. Яны спрабуюць жыць сваім жыцьцём.
— Ваш стары раман «Варшава», у якім дзеяньне адбываецца ў Беларусі пачатку 1990-х, нядаўна быў перавыдадзены выдавецтвам «Мяне няма», якое стварылі беларусы. У аўтарскай анатацыі на сайце выдавецтва ёсьць такія радкі: «Першая палова дзевяностых — час вялікіх надзей і чаканьняў, зьвязаных з крушэньнем камуністычнага рэжыму і здабыцьцём незалежнасьці. І сёньня, успамінаючы падзеі больш як трыццацігадовай даўнасьці, я задаю сабе пытаньне: „Што пайшло ня так? Чаму гэтыя чаканьні не апраўдаліся?“». Ці сапраўды вы лічыце, што цяперашнія падзеі маюць карані ў пачатку 1990-х?
— Так, я так думаю. Я мяркую, што ўсе падзеі зьвязаныя. Тое, што адбываецца цяпер на постсавецкай прасторы, мае карані ў 1990-х гадах. Гэта ня нешта вельмі простае — маўляў, тады зрабілі так, таму цяпер так. Не, усё больш складана.
Я вядома ж, не спадзяюся, што новае выданьне майго раману дасьць нейкія адказы. Але я спадзяюся, што ён зможа падштурхнуць чытача да нейкіх роздумаў, да нейкай рэфлексіі пра тое, што тады адбывалася.
Калі спытаць мяне, што было зроблена ня так у гэтым кантэксьце, я бачу два чыньнікі. Перш за ўсё ў 1990-я гады мы (я ў тым ліку, бо я памятаю гэта вельмі добра) былі сфакусаваныя на сваім прыватным жыцьці, на тых новых шанцах, якія зьявіліся, а таксама на тым, каб проста існаваць.
Людзі ня бачылі вялікай карціны таго, што адбываецца з краінай, з грамадзтвам. Пра гэта ня думалі.
Другая праблема — тое, што не адбылася беларусізацыя, не адбылася ў нейкай камфортнай форме. Мы павінны разумець моўную сытуацыю ў Беларусі, калі для большасьці людзей першая мова — расейская. Вядома ж, беларусізацыя была даволі складаным працэсам, але гэта можна і трэба было тады рабіць.
Вось дзьве думкі, якія прыходзяць да мяне, калі я спрабую рэфлексаваць пра 90-я гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад гопнікаў да «Крымнаш». Скандальны пісьменьнік пра магілёўскае дзяцінства, цэнзуру і андэрграўнд— У сваім колішнім інтэрвію Свабодзе вы казалі, што радасьць ад захопу Крыму ў Расеі была часовая, а потым была палёгка ад таго, што не адбылося маштабнай вайны. Калі вы жылі ў Расеі перад 2022 годам, ці адчувалі вы, як мяняецца расейскае грамадзтва? Ці былі знакі таго, што вайна ўсё ж адбудзецца?
— Так, я назіраў за гэтым грамадзтвам і напісаў раман «Вавилония», які быў выдадзены ў 2023 годзе. Гэта быў як snapshot, здымак расейскага грамадзтва перад маштабным уварваньнем ва Ўкраіну.
Я заўсёды лічыў, што расейскае грамадзтва вельмі дэзарыентаванае — людзі знаходзяцца ў такім стане, калі не разумеюць, што адбываецца. Нават тыя, хто ня верыць прапагандзе. Бо прапаганда ў аўтарытарным рэжыме спрабуе яшчэ й дэзарыентаваць чалавека. Каб людзі потым казалі: «Усё складана. Мы ня ведаем — мо яно так, а мо і ня так. Можа гэта фэйк, а можа і ня фэйк».
У гэтым стане дэзарыентацыі расейскае грамадзтва існавала ўжо даволі шмат гадоў. Таму, калі ў лютым 2022 году адбылося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, у гэтым сэнсе расейскае грамадзтва было падрыхтаванае. Яно не зрэагавала на ўварваньне так, як магло б.
Гэта ні ў якім разе не было падобна да той «крымскай эўфарыі». Не, тут ніякай эўфарыі не было, але большасьць людзей нічога не зрабілі і ніяк ня выказаліся. А потым выказвацца ўжо стала небясьпечна.
У першыя дні ўварваньня я быў у Маскве, і гэта быў шок. Гэта быў шок ня толькі на эмацыйным, але і на фізычным узроўні. Я на фізычным узроўні адчуваў сябе дрэнна. Памятаю, я размаўляў па тэлефоне з сваім сябрам, які жыве ва Ўкраіне, у Адэсе, і было цяжка сфармуляваць тое, што адбывалася, — яно здавалася нечым ірацыянальным. А потым ужо зьявіліся думкі пра тое, што рабіць далей.
Маё рашэньне было зьехаць з Расеі, бо я не жадаў мець нічога супольнага з тым, што адбываецца. А таксама я больш не адчуваў сябе ў бясьпецы. Калі пачалася вайна, узровень несвабоды стаў іншым. Вядома ж, я ўжо прызвычаіўся жыць пры аўтарытарным рэжыме, але калі пачалася вайна, гэта ўсё стала горш. Спачатку я зьехаў у Турэччыну — я каля году пражыў у Стамбуле, а цяпер я жыву ў Нямеччыне.
— Ці засталася ў вас магчымасьць працаваць з расейскімі выдавецтвамі?
— Сытуацыя ў нечым парадаксальная, бо ўсе апошнія гады ў Расеі мае кнігі выдаваліся ў «андэграўндавых» невялікіх выдавецтвах, якія знаходзяцца па-за радарамі ўладаў. І гэта працягваецца — мой раман «Вавилония», пра які я ўжо казаў, быў выдадзены ў 2023 годзе.
Была праблема з друкарняй — там адмовіліся друкаваць гэты раман. Яны казалі, што, маўляў, там прысутнічае экстрэмізм і ненарматыўная лексыка. Але іншая друкарня надрукавала раман без праблемаў.
Але гаворка пра вельмі невялікія выдавецтвы. Зь вялікімі выдавецтвамі сытуацыя ўжо іншая. Там поўнамаштабная цэнзура, і там выдаць кнігу для мяне было б немагчыма. Але так было і раней, хоць зь іншых прычынаў. Цяжка сказаць, што будзе далей.
Ведаю, што цяпер існуюць кніжныя выдавецкія праекты па-за межамі Расеі, але няясна, як яны будуць працаваць і наколькі яны будуць зацікаўленыя, каб даваць пляцоўку розным галасам. Магчыма, яны будуць толькі абслугоўваць тую частку расейскага культурнага істэблішмэнту, якая зьехала з Расеі.
— Як вы цяпер бачыце сваіх чытачоў? Пэўна, нельга казаць пра «тыповых» чытачоў, але дзе яны цяпер — у Расеі, у эміграцыі з Расеі, у іншых постсавецкіх краінах, дзе чытаюць па-расейску?
— Паўсюль. Я думаў пра гэта, і ў мяне ёсьць камунікацыя з маімі чытачамі, таму я разумею, што яны цяпер паўсюль.
Нехта застаўся ў Расеі. Мае адносіны з тымі чытачамі, якія падтрымалі ўварваньне ва Ўкраіну, скончыліся ў лютым-сакавіку 2022 году. Я зрабіў даволі жорсткі допіс у сацсетках, я напісаў: «Калі вы падтрымліваеце ўварваньне, ідзіце на...й». Гэта была мая пазыцыя тады, і гэта мая пазыцыя цяпер. І, вядома ж, тыя чытачы, якія гэта падтрымалі, не жадалі мець нічога супольнага са мной.
Таму тыя чытачы, якія засталіся ў Расеі, — гэта тыя, з кім мы «на адной хвалі»: аднолькава глядзім на рэжым, на вайну. Многія зь іх не выказваюцца пра тое, што адбываецца, бо гэта небясьпечна, але яны застаюцца маімі чытачамі.
Таксама ў мяне засталіся чытачы ва Ўкраіне, нягледзячы ні на што. Гэта людзі, які чытаюць мяне даволі даўно і разумеюць мае погляды. Таксама ёсьць чытачы і ў эміграцыі, але нельга казаць, што мае чытачы — гэта эміграцыя.
— На пачатку гутаркі вы назвалі сябе беларускім пісьменьнікам. Ці зьявіліся ў вас апошнім часам нейкія новыя сувязі зь беларускімі чытачамі?
— Я спадзяюся, што гэта будзе адбывацца, бо я цяпер больш інтэграваны ў беларускі літаратурны працэс. Гэта першае маё выданьне за шмат гадоў у беларускім выдавецтве. Быў праект, калі мае апавяданьні пераклалі на беларускую мову, але больш за 10 гадоў таму, і тое была толькі онлайн-публікацыя.
Спадзяюся, што зараз я буду больш прысутнічаць у беларускай літаратуры. Але, вядома ж, гэты раман, «Варшава», быў упершыню апублікаваны 20 гадоў таму. Разумею, што цяпер ёсьць зусім новыя чытачы, і ня ведаю, як яны будуць успрымаць гэты раман. Але спадзяюся, што нейкая цікаўнасьць да яго будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У калёніях уводзяць кніжную цэнзуру: з турэмных бібліятэк прыбралі кнігі Оруэла і падручнікі польскай мовы