Больш за 550 пілігрымаў памерлі падчас хаджу ў Саудаўскай Арабіі. Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на двух арабскіх дыпляматаў.
Ня менш за 323 з памерлых — грамадзяне Эгіпту. Усе яны памерлі ад гарачыні, за выключэньнем аднаго чалавека, які атрымаў траўмы падчас невялікай цісканіны, расказаў адзін з суразмоўцаў выданьня.
Сярод загінулых таксама сама меней 60 грамадзян Ярданіі. Раней улады Ярданіі паведамлялі пра гібель 41 паломніка. Reuters піша, што загінулі таксама 35 грамадзян Тунісу, 11 — Ірану і тры — Сэнэгалу. Прычыны іхнай сьмерці не ўдакладняюцца. Сярод загінулых таксама чацьвёра расейцаў.
Паводле ўласных падлікаў AFP, па стане на 19 чэрвеня колькасьць загінулых дасягнула 577 чалавек.
На мінулым тыдні паведамлялася, што ў Саудаўскую Арабію прыбылі больш за 1,5 млн паломнікаў з розных краін. Па зьвестках Саудаўскага нацыянальнага мэтэаралягічнага цэнтру, 17 чэрвеня, у панядзелак, тэмпэратура паветра ў цені Вялікай мячэці ў Мэцы склала 51,8 градуса паводле Цэльсія.
- У 2023 годзе падчас хаджу ў Мэцы загінулі 240 паломнікаў, у асноўным гэта былі грамадзяне Інданэзіі.
- Больш за 700 чалавек сталі ахвярамі цісканіны каля Мэкі падчас хаджу 2015 году.