Група беларускіх актывістаў з польскага Гданьску склала пэтыцыю ў банк Santander і Камісію фінансавага нагляду з просьбай не дыскрымінаваць па нацыянальнай прыкмеце. На момант публікацыі пад ёй ужо звыш 300 подпісаў.
Пэтыцыю склалі пасьля таго, як банк запатрабаваў ад беларускіх кліентаў да 26 чэрвеня прад'явіць ДНЖ у Польшчы, іншай краіне ЭЗ, Эўрапейскай эканамічнай зоне ці Швайцарыі. Калі такога дакумэнту няма або яго тэрмін заканчваецца менш як праз год, кліенту абяцаюць закрыць доступ да інтэрнэт- і мабільнага банкінгу.
На думку мясцовых беларусаў, такія дзеяньні парушаюць Канстытуцыю Польшчы. Яны спасылаюцца на пункт 2 артыкулу 32, які абвяшчае, што ніхто ня можа падвяргацца дыскрымінацыі ў палітычным, сацыяльным або эканамічным жыцьці зь якой-небудзь прычыны.
«Блякаваньне зьяўляецца відавочнай дыскрымінацыяй па прынцыпе грамадзянства», — гаворыцца ў пэтыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Індывідуальны падыход у кожным выпадку». Польскі банк пракамэнтаваў блякаваньне онлайн-банкінгу беларусам без ДНЖАўтары тэксту падкрэсьліваюць, што беларусы — частка польскай эканомікі: выплачваюць падаткі і робяць сацыяльныя адлічэньні. Але блякаваньне гэтаму перашкаджае.
«[З абмежаваньнямі] мы ня можам свабодна плаціць арэндную плату, падаткі і рабіць адлічэньні на сацыяльнае страхаваньне, ажыцьцяўляць якія-небудзь пераводы і іншыя плацежныя апэрацыі», — сьцьвярджаюць аўтары пэтыцыі.
Яны таксама гавораць аб магчымым блякаваньні рахункаў беларусаў, у выпадку якога беларускія кліенты банку страцяць сродкі да існаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праца зь юанем у рэгіёнах, камісія за рахункі ў далярах і эўра. Беларускія банкі паведамілі пра чарговыя новаўвядзеньні