Пра гэта піша «Позірк» з спасылкай на ўласныя крыніцы.
У рамках мерапрыемства, якое мелася адбыцца ў Музэі габрэйскага воіна Другой сусьветнай вайны імя Хаіма Герцага (Латрун), акрамя канфэрэнцыі плянавалася цырымонія ўскладаньня вянкоў да манумэнта ў памяць аб габрэях-партызанах і змагарах гета. Завяршыцца мерапрыемства павінна было фуршэтам, азнаямленьнем з выставай пра падзеі Другой сусьветнай вайны ў Беларусі і экскурсіяй па Музэі габрэйскага воіна.
Арганізатарамі канфэрэнцыі, якая павінна была прайсьці пры падтрымцы беларускай амбасады ў Ізраілі, выступалі Аб’яднаньне ўцекачоў і тых, хто ўратаваўся падчас Галакосту, а таксама Ўсеізраільскае аб’яднаньне выхадцаў зь Беларусі.
Выказваньні Лукашэнкі аб дачыненьні габрэяў да карупцыі «непрымальныя і абуральныя», заявіў 16 чэрвеня міністар замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац. Паводле яго слоў, такія камэнтары «гучаць як відавочна антысэміцкія». У той жа дзень намесьнік гендырэктара МЗС па Эўразіі і Заходніх Балканах Юваль Фукс зьвязаўся з амбасадарам Беларусі ў Ізраілі Яўгенам Вараб’ёвым і выказаў яму пратэст з нагоды слоў Лукашэнкі.
Чарговыя антысэміцкія выказваньні Лукашэнка дазволіў сабе 14 чэрвеня, калі гаварыў на нарадзе з урадам пра карупцыйную справу, адзін зь фігурантаў якой — ягоны былы памочнік, інспэктар па Віцебскай вобласьці, экс-міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ігар Брыло.
«Пра Брыло шмат чулі, — заявіў Лукашэнка (фрагмэнт выступу быў паказаны ў вечаровым этэры тэлеканала „Беларусь 1“, прэс-служба тэкставую расшыфроўку адпаведнага моманту не апублікавала). — Ня буду нагадваць і паўтараць. Прыцягнутыя на сёньня тры дзясяткі чалавек».
«Вы мяне прабачце, я не антысэміт, але больш за палову — габрэі, — дадаў Лукашэнка. — Яны што, у нас прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і ня думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам: і габрэй, і беларус, і ўкраінец, і рускі, і паляк. Вінаваты — будзе сядзець».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў дапусьціў антысэміцкае выказваньне. Беларускі палітоляг напісаў пра гэта амбасадару ІзраіляЛукашэнка неаднаразова трапляў у скандалы праз свае антысэміцкія выказваньні.
У 2007 годзе ён пахваліўся перад расейскімі журналістамі абноўленым Бабруйскам (Магілёўская вобласьць):
«Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі».
На гэты слоўны выпад адрэагавала віцэ-прэм’ерка Ізраілю — міністарка замежных спраў Цыпі Ліўні, якая «рашуча асудзіла» гэтыя «адкрыта антысэміцкія выказваньні». Чыноўніца падкрэсьліла, што лідэры абавязаныя «змагацца з антысэмітызмам усюды, дзе гэтая зьява падымае сваю выродлівую галаву, па ўсім сьвеце, а не заахвочваць яе».
Перад нацыяналізацыяй кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» у 2012 годзе Лукашэнка выказаўся пра бізнэсоўца Марата Новікава:
«Былы бухгальтар Ізя Сігізмундавіч (ці як яго там), зьмяніўшы прозьвішча на Новікаў, зьехаў у Амэрыку і ўсталяваў кантроль над беларускімі прадпрыемствамі, скупіўшы за бутэльку гарэлкі акцыі кандытарскіх фабрык».
У 2015 годзе ў поле яго зроку трапіў нябожчык Юры Зісер, заснавальнік парталу Tut.by. Зьвяртаючыся да Сямёна Шапіры, габрэя па нацыянальнасьці, які тады быў старшынём Менаблвыканкаму, Лукашэнка заявіў: «Неяк Зісер гэты ваш непрыстойна сябе паводзіць часам».
«Я вас прасіў год таму ўзяць усіх габрэяў пад кантроль у Беларусі. І нават Павел Ізотавіч (Якубовіч, габрэй па нацыянальнасьці, на той момант галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты „Советская Белоруссия“, якая з 2018 году называецца „СБ. Беларусь сегодня“. — Позірк) не абураўся. Зісер ніяк ня можа. Ніяк ты ня можаш нармалізаваць гэтага чалавека?» — сказаў Лукашэнка.
У канцы 2023 году, разважаючы перад журналістамі ў Санкт-Пецярбургу пра магчымасьць выхаду Армэніі з аб’яднаньняў на постсавецкай прасторы, ён заявіў: «Ня думаю, што армяне дурныя людзі. Армяне ж разумныя людзі! Там жа няма ніводнага габрэя!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Ізраілю пракамэнтаваў антысэміцкія выказваньні Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым патлумачыць згадку Пуціна пра «Мойшу Ізраілевіча»