Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў дапусьціў антысэміцкае выказваньне. Беларускі палітоляг напісаў пра гэта амбасадару Ізраіля


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка дапусьціў чарговае антысэміцкае выказваньне на нарадзе з урадам 14 чэрвеня па карупцыйнай справе, адным зь фігурантаў якой зьяўляецца ягоны былы памочнік — інспэктар па Віцебскай вобласьці Ігар Брыло.

Расказваючы пра карупцыйны скандал, у якім замяшаны ягоны былы памочнік, экс-міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ігар Брыло, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што разам зь ім па крымінальнай справе праходзяць тры дзясяткі чалавек.

«Вось тры дзясяткі чалавек пералічаныя. Вы мяне прабачце, я не антысэміт, але больш за палову — габрэі. Яны што ў нас прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і ня думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам — і габрэй, і беларус, і ўкраінец, і расеец, і паляк. Вінаваты — будзе сядзець», — заявіў Лукашэнка.

Беларускі палітоляг Дзьмітры Балкунец у сувязі з гэтым напісаў ліст амбасадару Ізраілю ў Беларусі і прэзыдэнту Канфэрэнцыі эўрапейскіх рабінаў і папрасіў іх зьвярнуць увагу на антысэміцкую заяву Лукашэнкі і заклікаць міжнародную супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі адрэагаваць. Пра гэта ён сам паведаміў у сацыяльных сетках.

«Ізраіль і габрэйскія абшчыны па ўсім сьвеце павінны даць сваю ацэнку гэтым словам, паколькі яны ня толькі абражаюць габрэйскі народ, але і спрыяюць распальваньню антысэміцкіх настрояў. Зьвязваньне этнічнай прыналежнасьці са злачыннай дзейнасьцю зьяўляецца недапушчальным. Антысэмітызм у любой форме павінен быць рашуча асуджаны. Заява Лукашэнкі не павінная заставацца без наступстваў», — напісаў Балкунец у сваім тэлеграм-канале.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала асудзіць антысэміцкую рыторыку Аляксандра Лукашэнкі

«Нядаўнімі антысэміцкімі выказваньнямі Лукашэнка абвінавачвае яўрэяў у карупцыі ў яго ўрадзе, называючы іх злодзеямі і пагражаючы іх будучыні. Яго рэжым, а не яўрэйская супольнасьць зьяўляецца сапраўднай крыніцай карупцыі. Такая ненавісьніцкая рыторыка небясьпечная і павінна быць безумоўна асуджаная», – напісала беларуская дэмакратычная лідэрка ў сацыяльнай сетцы Х.

  • Лукашэнка неаднойчы трапляў у скандалы праз свае антысэміцкія выказваньні.
  • Так, у 2007 годзе ён пахваліўся перад расейскімі журналістамі абноўленым Бабруйскам: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі». На гэта выказваньне Лукашэнкі адрэагавала ізраільская віцэ-прэм’ерка — міністарка замежных спраў Цыпі Ліўні, якая «рашуча асудзіла» гэтыя «адкрыта антысэміцкія выказваньні», піша «Позірк».
  • Перад нацыяналізацыяй кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» у 2012 годзе Лукашэнка выказаўся пра бізнэсоўца Марата Новікава: «Былы бухгальтар Ізя Жыгімонтавіч (ці як яго там), зьмяніўшы прозьвішча на Новікаў, зьехаў у Амэрыку і ўсталяваў кантроль над беларускімі прадпрыемствамі, скупіўшы за бутэльку гарэлкі акцыі кандытарскіх фабрык».
  • У 2015 годзе Лукашэнка выказаўся пра нябожчыка, заснавальніка беларускага парталу tut.by Юрыя Зісера. Зьвяртаючыся да Сямёна Шапіры, які тады быў старшынёй Менаблвыканкаму, Лукашэнка заявіў, што «неяк Зісер гэты ваш непрыстойна сябе паводзіць часам» і дадаў: «Я вас прасіў год таму ўзяць усіх габрэяў пад кантроль у Беларусі. (...) Ніяк ты не можаш нармалізаваць гэтага чалавека (Юрыя Зісер — рэд.)?».
  • У канцы 2023 году Лукашэнка, разважаючы перад журналістам у Санкт-Пецярбургу пра магчымасьць выхаду Армэніі з абʼяднаньняў на постсавецкай прасторы, заявіў: «Ня думаю, што армяне дурныя людзі. Армяне ж разумныя людзі! Там жа няма ніводнага габрэя!»

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG