Дабравольскі і Халезін выйшлі з Каардынацыйнай рады — з розных прычын

Аляксандар Дабравольскі, архіўнае фота

Аляксандар Дабравольскі, старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, які быў лідэрам сьпісу «Эўрапейскі выбар», адмовіўся ад свайго мандату сябра Каардынацыйнай рады. Тое самае зрабіў і сузаснавальнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін з гэтага ж сьпісу.

У камэнтары «Нашай Ніве» Аляксандар Дабравольскі патлумачыў свой сыход праблемамі са здароўем:

«Апошнім часам я часта адчуваю сябе кепска. Магчыма, гэта ад стомленасьці, магчыма — па іншых прычынах. Я патлумачыў гэта калегам, яны ўспрынялі маё рашэньне з разуменьнем».

Другім нумарам пасьля Аляксандра Дабравольскага ў сьпісе «Эўрапейскі выбар» ішла Аліна Коўшык.

Мікалай Халезін, архіўнае фота

Што тычыцца Мікалая Халезіна, ён і раней заяўляў пра свой магчымы выхад з КР пасьля выбараў, бо ня можа аддаваць шмат часу гэтай дзейнасьці.

«Ён вырашыў засяродзіцца на сваёй працы, падтрымаўшы ідэю «Эўрапейскага выбару», — цытуе Дабравольскага «Наша Ніва».

Замест Дабравольскага і Халезіна ў Каардынацыйную раду ўвайшлі Аляксандра Мамаева, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, і Марыя Яфімава, якая працуе пэрсанальнай трэнэркай у ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Латушкі і рух «За свабоду»: Рашэньне аб прыпыненьні Рэглямэнту КР прынятае. Блёк Пракоп'ева — Ягорава гэта аспрэчвае