У цэнтры ўвагі апынуліся заўзятары зь дзвюх краін — Сэрбіі і Альбаніі. Агляд пачаўся пасьля матчу Сэрбія — Ангельшчына, які скончыўся зь лікам 0:1. Абвінавачаньні тычацца кіданьня на поле пабочных прадметаў і дэманстрацыі «правакацыйнага паведамленьня, недарэчнага для спартовага мерапрыемства».
Акрамя таго, інспэктар этыкі і дысцыпліны УЭФА правядзе расьсьледаваньне меркаваных дыскрымінацыйных паводзінаў сэрбскіх заўзятараў.
Скаргу падала Фэдэрацыя футболу Косава, незалежнасьці якога Сэрбія не прызнае. Касавары сьцьвярджаюць, што сэрбскія заўзятары распаўсюджваюць «палітычныя, шавіністычныя і расісцкія паведамленьні», у тым ліку размахваючы сьцягам з выявай Косава як часткі Сэрбіі. На матчы сэрбскія фанаты шматразова крычалі «Косово jе Србиjа» (Косава — гэта Сэрбія).
Акрамя таго, сэрбскія фанаты масава дэманстравалі на матчы расейскія сьцягі. Зборная Расеі адлучаная ад міжнароднага футболу за вайну гэтай дзяржавы супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь, адбывае хатні арышт у СэрбііДругое расьсьледаваньне таксама тычыцца шавінізму і тэрытарыяльных спрэчак. Там ужо тэрыторыя Косава была ўключаная ў мапу так званай «Вялікай Альбаніі» — шавіністычнага праекту альбанскіх нацыяналістаў. На мапе, якую дэманстравалі асобныя альбанскія заўзятары, відаць «уключаную» ў склад «Вялікай Альбаніі» частку тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі.
Акрамя таго, на першым паядынку зборнай Альбаніі супраць каманды Італіі гучалі некаторыя нацыяналістычныя скандаваньні і сустракалася сымболіка UÇK (Арміі вызваленьня Косава), названай ААН тэрарыстычнай арганізацыяй.
Імаверна, футбольныя фэдэрацыі абедзьвюх краін — і Сэрбіі, і Альбаніі, — чакаюць вялікія штрафы за падобныя паводзіны заўзятараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеканал СТВ не паказаў матч зборных Румыніі і Ўкраіны на Эўра-2024