Урад Беларусі сваёй пастановай ад 14 чэрвеня звольніў Пятра Дулуба з пасады першага намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка».
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, Пятру Дулуба звольнілі «у сувязі з парушэньнем работнікам, які зьяўляецца дзяржаўнай службовай асобай, пісьмовага абавязаньня, прадугледжанага заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй (пункт 51 часткі першай артыкула 47 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Паводле зьвестак «Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў», Пятра Дулуба затрымалі 25 траўня, а 3 чэрвеня выставілі абвінавачаньні ў карупцыі.
13 чэрвеня ГУБАЗіК пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне за хабар аднаго з мэнэджараў Беларускай чыгункі, але імя затрыманага не назвалі. Пазьней гэтае паведамленьне выдалілі зь невядомых прычын.
Новае паведамленьне ГУБАЗіК апублікаваў 14 чэрвеня пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб затрыманьні «трох дзясяткаў чалавек» зь ліку чыноўнікаў паводле падазрэньня ў карупцыі. У прыватнасьці, Лукашэнка паведаміў, што «у схованках у кватэры і ў загарадным доме» Пятра Дулуба знайшлі «грашовыя сродкі на суму больш за 3,2 мільёна даляраў». Дулуб нібыта «стварыў і быў куратарам карупцыйнай схемы ў лабіяваньні інтарэсаў камэрцыйных структур у сфэры грузаперавозак па Беларусі і за яе межамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў пра арышт 30 чыноўнікаў, у тым ліку былых кіраўнікоў міністэрстваў і дзяржаўных кампаній