Сяргей Бульба ўзначаліў «Паспалітае рушэньне»

Сяргей Бульба

Былы вайсковец, заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба ўзначаліў «Паспалітае рушэньне».

«З 17 чэрвеня 2024 года „Паспалітае Рушэньне“ ўзначаліў Сяргей Бульба — беларускі палітычны дзеяч, чалавек зь вялікім арганізатарскім досьведам (напрыклад, стварэньне „Белага Легіёну“)», — паведамляецца ў тэлеграм-канале «Паспалітага рушэньня».

«Паспалітае рушэньне» ўзьнікла ў верасьні 2022 году як спартова-адукацыйная арганізацыя ў замежжы. Адной зь яе мэтаў было адраджэньне беларускіх вайсковых традыцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік «Паспалітага рушэньня» Сяржук Кедышка заявіў аб выхадзе з арганізацыі

Тэлеканал «Белсат» прыводзіць словы Бульбы: «Нам трэба ня толькі мілітарная структура, а менавіта дзяржаватворчая структура. Я бяру за прыклад свой досьвед зь „Белым легіёнам“, дзе мы не імкнуліся вызнаваць нейкую ідэалёгію, напрыклад, сацыял-дэмакратыю ці нацыянал-дэмакратыю ці хрысьціянскую дэмакратыю. Мы разумелі, што мы гадуем захавальнікаў дзяржавы. Надпалітычных. Ня вельмі цікавае палітычнае, а менавіта цікавае дзяржаўніцтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паспалітае Рушэньне» стварыла спартыўнае крыло. Яго трэнэрам стаў чэмпіён Беларусі па каратэ

Новы кіраўнік «Паспалітага рушэньня» адзначыў, што цяпер у Беларусі назіраецца спад. «Але ж мы разумеем, што адкрыюцца вокны магчымасьцяў пэўныя, і да гэтага моманту трэба быць гатовымі, але ня толькі зь мілітарнага ці спартовага гледзішча», — кажа Бульба.

У жніўні 2023 году Сяргей Бульба стаў кіраўніком Беларускага моладзевага хабу. Перадача паўнамоцтваў суправаджалася вострым канфліктам з папярэднім кіраўніцтвам хабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал у Беларускім моладзевым хабе. Бульба: Усё па законе. Лапко: Адбыўся рэйдэрскі захоп