У Вільні грамадзянін Беларусі залез на вежу мабільнага апэратара і вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг.
Як паведаміла выданьне Tv3.lt, такім чынам ён хацеў прыцягнуць увагу да таго, што цягам чатырох гадоў ня можа атрымаць статус уцекача ў Літве. Пра сваю акцыю ён сам паведаміў у паліцыю.
«Мы атрымалі паведамленьне ад мужчыны, што ён знаходзіцца на вежы сотавай сувязі, яго жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека», — паведамілі ў Галоўным камісарыяце паліцыі Вільні.
Паліцыя выклікала пажарных, тыя разгарнулі батут на выпадак падзеньня, але беларус неўзабаве спусьціўся сам.
Журналістам ён прадставіўся Ягорам М. і расказаў, што ў 2020 годзе працаваў валянтэрам у штабе кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, а потым удзельнічаў у ініцыятыве «Честные люди».
Мужчына заявіў, што мэта ягонага пратэсту — атрымаць дакумэнты, зь якімі можна было б «спакойна жыць і працаваць».
«З жніўня 2020 году я зьвярнуўся па статус уцекача, і чатыры гады Дэпартамэнт міграцыі не выконвае закону, не выконвае рашэньня Вышэйшага адміністрацыйнага суду, за што я нават атрымаў кампэнсацыю», — сказаў Ягор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў 2020 году Беларусь пакінула каля 6-7% насельніцтва краіны, — сацыёляг Коршунаў
Беларус дадаў, што працаваў у Літве нелегальна, бо тыя, хто зьвярнуўся па статус уцекача, ня маюць права працаваць. Ён сказаў, што хацеў бы, каб Дэпартамэнт міграцыі выдаў яму пашпарт іншаземца.
У Дэпартамэнце міграцыі Літвы адмовіліся камэнтаваць гісторыю Ягора М., спасылаючыся на заканадаўства аб абароне пэрсанальных зьвестак.
«Дэпартамэнт міграцыі не дае ніякай інфармацыі адносна юрыдычнага статусу і іншых асабістых зьвестак датычна грамадзян», — адзначылі ў Дэпартамэнце міграцыі Літвы.
Пры гэтым у ведамстве падкрэсьлілі, што гэтая структура «заўсёды выконвае закон і судовыя рашэньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ў Літве — паміж удзячнасьцю і дыскамфортам: вынікі апытаньня