У Чэхіі на палігоне выбухнулі боепрыпасы, ёсьць пацярпелыя

Ілюстрацыйнае фота

Боепрыпасы выбухнулі ў Лібаўскім вайсковым палігоне перад поўднем. У выніку выбуху каля 10 вайскоўцаў атрымалі раненьні.

На вайсковым палігоне Лібава, які знаходзіцца на тэрыторыі Аламоўцкага краю, 17 чэрвеня выбухнуў нявызначаны боепрыпас, паведаміла чэская тэлевізія.

На месцы здарэньня ёсьць пацярпелыя, умяшаўся выратавальны верталёт, паведаміла чэская армія ў сетцы X. Інцыдэнтам займаецца вайсковая паліцыя. Ні прэс-сакратар вайсковай паліцыі Кацярына Млынкова, ні прэс-сакратар Чэскай арміі Магдалена Дворжакава не назвалі колькасьці параненых.

«Мы маем справу з сур’ёзнай аварыяй на вайсковым палігоне Лібава, дзе выбухнулі неўстаноўленыя боепрыпасы. На жаль, на месцы здарэньня ёсьць пацярпелыя. Стараемся аказаць дапамогу як мага хутчэй, умешваецца выратавальны верталёт. Інцыдэнтам займаецца вайсковая паліцыя», — паведамілі ў арміі ў сетцы X.

У камэнтары выданьню Novynki.cz прэс-сакратар Ўнівэрсытэцкай бальніцы Аламоўца Адам Фрычэр заявіў, што восем пацярпелых былі шпіталізаваны ў бальніцы горада, а аднаму параненаму дапамогу надаюць на месцы.

Паводле інфармацыі «Чэскага радыё», на палігоне ў Лібаве праходзілі стралковую, мэдыцынскую і тактычную падрыхтоўку ўкраінскія вайскоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна сутыкнулася зь недахопам боепрыпасаў. Лідэры 5 краінаў ЭЗ заклікалі суседзяў і саюзьнікаў павялічыць ваенную падтрымку Ўкраіны