Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна сутыкнулася зь недахопам боепрыпасаў. Лідэры 5 краінаў ЭЗ заклікалі суседзяў і саюзьнікаў павялічыць ваенную падтрымку Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота. Украінскія вайскоўцы падчас абароны Аўдзееўкі Данецкай вобласьці, лістапад 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія вайскоўцы падчас абароны Аўдзееўкі Данецкай вобласьці, лістапад 2023 году

Лідэры Нямеччыны, Чэхіі, Даніі, Эстоніі і Нідэрляндаў зьвярнуліся да іншых краінаў ЭЗ і заклікалі іх да калектыўных намаганьняў па ўзбраеньні Ўкраіны і фінансаваньня ініцыятываў, якія паспрыяюць больш хуткім пастаўкам боепрыпасаў.

Пад адкрытым лістом падпісаліся канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм'ер Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн, прэмʼер Чэхіі Пэтр Фіяла, прэмʼер Эстоніі Кая Калас і прэмʼер Нідэрляндаў Марк Рутэ. Зварот эўрапейскіх лідэраў публікуе Financial Times.

У сваёй заяве яны адзначаюць, што Ўкраіна сутыкаецца з сурʼёзнымі праблемамі ў выглядзе недахопу боепрыпасаў і што падтрымка Ўкраіны — «пытаньне агульнай эўрапейскай бясьпекі». На пачатку 2023 году ЭЗ паставіў перад сабой амбітную мэту — забясьпечыць Украіну мільёнам артылерыйскіх снарадаў да канца сакавіка 2024 году, але «не дасягнуў гэтай мэты», гаворыцца ў заяве.

У ёй лідэры 5 краінаў адзначаюць, што на сёньняшні дзень «вельмі важна забясьпечыць пастаўку ўзбраеньня — гаўбіц, танкаў, бесьпілётнікаў, сродкаў супрацьпаветранай абароны, у якіх Украіна так востра мае патрэбу», і важна гэта «зрабіць зараз, таму што ўзбраеньне, замовы на якое мы разьмяшчаем сёньня, дасягне фронту толькі да наступнага году».

Яны падкрэсьліваюць, што трэба шукаць шляхі паскарэньня паставак абяцаных артылерыйскіх снарадаў ва Ўкраіну — шляхам перадачы існых запасаў зброі або сумесных закупак боепрыпасаў праз абаронную прамысловасьць краінаў ЭЗ.

«Важную ролю ў гэтым могуць адыграць краіны-партнэры — і ім прапануецца далучыцца да нашых калектыўных намаганьняў», — гаворыцца ў заяве. Таксама лідэры 5 краінаў запрашаюць «саюзьнікаў далучыцца да фінансаваньня ініцыятываў».

Паводле ацэнак ЭЗ, мінулым летам Украіна штодня выпускала ад 4000 да 7000 артылерыйскіх снарадаў, у той час як Расея выпускала больш за 20 000 снарадаў у дзень па тэрыторыі суседа. Расейская збройная прамысловасьць значна пераўзыходзіць украінскую.

Леташнія пляны 27 краін ЭЗ вырабіць 1 мільён артылерыйскіх снарадаў для Ўкраіны не былі выкананыя. Высокапастаўленыя чыноўнікі ЭЗ заявілі, што да канца гэтага году эўрапейская абаронная прамысловасьць будзе здольная вырабляць каля 1 мільёна снарадаў штогод. Тым ня менш Агенцтва па закупках NATO заявіла, што пастаўка заказаў на боепрыпасы можа заняць ад 24 да 36 месяцаў.

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на заходніх службоўцаў піша, што Ўкраіна сутыкнулася зь недахопам артылерыйскіх снарадаў і ракет для СПА з прычыны затрымкі ўзгадненьня ваеннай дапамогі ад ЗША і Эўразьвязу. Паводле дыпляматаў, эўрапейскія саюзьнікі змогуць паставіць Украіне да 1 сакавіка толькі 600 тысяч снарадаў з абяцанага мільёна з прычыны затрымак пры вытворчасьці і боязі ў скарачэньні запасаў Захаду.

Суразмоўца выданьня таксама расказаў, што ў апошнія месяцы Кіеў стварыў запасы ключавых боепрыпасаў саюзьнікаў, каб гарантаваць забесьпячэньне войскаў, аднак гэтага недастаткова, каб кампэнсаваць недахоп артылерыйскіх снарадаў.

  • Увечары 31 студзеня лідэры ЭЗ абмяркуюць падтрымку Ўкраіны. 1 лютага ў іх заплянаваны саміт па пераадоленьні вета Вугоршчыны на доўгатэрміновы пакет фінансавай дапамогі Ўкраіне ў памеры 50 мільярдаў эўра, каб дапамагчы падтрымаць украінскую эканоміку.
  • У ЗША ўжо некалькі месяцаў не ўдаецца ўзгадніць выдзяленьне Ўкраіне 61 мільярда даляраў з прычыны супрацьдзеяньня з боку рэспубліканцаў у Кангрэсе. Рэспубліканцы настойваюць на ўзмацненьні аховы межаў у абмен на сваю ўхвалу дапамогі іншым краінам.
  • На думку заходніх дыпляматаў, нават калі Кіеў атрымае дапамогу ад ЭЗ, адсутнасьць падтрымкі з боку ЗША украінскія войскі адчуюць да канца вясны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG