Стэфановіча перавялі ў ПКТ на паўгода
Праваабаронца «Вясны» палітвязень Валянцін Стэфановіч на 6 месяцаў пераведзены ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), якое ўмовамі ўтрыманьня нагадвае крытую турму.
Пра гэта расказаў пасьля спатканьня сваяк аднаго зь вязьняў папраўчай калёніі № 15, які ў мэтах бясьпекі прасіў не называць яго.
Паводле крыніцы Свабоды, на Валянціна Стэфановіча аказваюць пастаянны ціск:
«Сядзіць у ПКТ ужо некалькі месяцаў, але і адтуль яго рэгулярна саджаюць у ШЫЗА. Бывае, што і больш як на адзін дзесяцідзённы тэрмін. Але Стэфановіч — моцны духам чалавек, трымаецца».
Валянціну Сэфановічу 52 гады, яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Раней было вядома, што праваабаронца працаваў на шкоднай для здароўя вытворчасьці — ачыстцы ад ізаляцыі дратоў для атрыманьня зь іх каляровых мэталаў.
Усяго ў калёніі № 15, якая знаходзіцца на ўскраіне Магілёва, больш за 2 тысячы вязьняў; вядома, што зь іх больш за 100 — палітычныя.
Фядута вярнуўся са шпіталя
У іх ліку Аляксандар Фядута, які трапіў сюды ў канцы 2022 году. Палітоляга і літаратара Аляксандру Фядуту асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў «змове з мэтай захопу ўлады». У зьняволеньні здароўе палітвязьня рэзка пагоршала.
«Аляксандар Фядута па-ранейшаму ходзіць, абапіраючыся на кіёк. Ляжаў у шпіталі, падлячылі — і зноў у атрадзе. Мусіць хадзіць на працу, але відаць, што перасоўваецца зь цяжкасьцю», — паведаміла крыніца пра стан Аляксандра Фядуты.
Сёлета ў лістападзе Аляксандру Фядуту споўніцца 60 гадоў.
Таксама суразмоўца Свабоды згадаў лідэра незалежных прафсаюзаў РЭП Васіля Берасьнева, асуджанага на 9 гадоў калёніі. Палітвязьню 73 гады, у яго няма адной ныркі. Летась паўставала пытаньне пра апэрацыю для Берасьнева, але ў турэмных умовах яе не зрабілі і пасьля абсьледаваньня вярнулі палітвязьня ў калёнію.
«Берасьнеў знаходзіцца ўвесь час у атрадзе, ён пэнсіянэр, на вытворчасьці не працуе. Вязьні бачаць яго, калі выходзіць з атраду па лекі, мэдычную дапамогу. Выглядае стомленым, а больш пра яго нічога не вядома», — расказала крыніца пра Васіля Берасьнева.
Паводле зьвестак суразмоўцы, адзін з палітвязьняў ПК-15 сёлета атрымаў дадатковы тэрмін па 411-м артыкуле КК («Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы») і быў адпраўлены ў іншую калёнію. Куды накіравалі палітвязьня, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень: «За кантакт зь Фядутам каралі карцарам»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нырку не перасадзілі». Палітвязьня Васіля Берасьнева вярнулі ў калёнію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праўду шукаеш? Я тут начальнік: хачу адпушчу, хачу — не». Гісторыя магілёўскай калёніі