З 30 жніўня 2024 года закрываецца адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі — «БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій».
Рашэньне аб закрыцьці ўхвалілі заснавальнікі. Журналістам «Люстэрка» пацьвердзілі інфармацыю аб гэтым ў прыёмнай рэктара.
«Па рашэньні заснавальнікаў адукацыйная дзейнасьць унівэрсытэту спыняецца з 30 жніўня 2024 году. Усе студэнты, якія на гэты момант у нас ёсьць, будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ гораду Менску. Усё гэта будзе праходзіць цэнтралізавана», — паведамілі ў ВНУ.
Афіцыйнай заявы аб закрыцьці на сайце ВНУ няма.
У рэктараце рэкамэндуюць пачакаць, пакуль зьявіцца афіцыйная інфармацыя і стануць вядомыя ўсе ВНУ, куды будуць пераводзіць студэнтаў.
- БІП — адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі. Яе ў 1990 годзе адкрыў Сьцяпан Сокал, вучоны і прадпрымальнік. Да 2020 году ён быў рэктарам унівэрсытэту, але 5 сьнежня 2020-га памёр.
- Першапачаткова БІП называўся Менскай вышэйшай юрыдычнай школай пры Саюзе юрыстаў БССР. У 1991-м школа была перайменаваная ў Беларускі інстытут правазнаўства, а ў сакавіку 1995-га атрымала ліцэнзію ВНУ.
- У 2021 годзе ўстанова стала унівэрсытэтам і была перайменаваная ў «БІП — Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій».
- У віншаванні рэктара БІП з нагоды 30-годзьдзя ВНУ ў 2020 годзе сьцьвярджалася, што за час працы там было падрыхтавана больш за 30 тысяч спэцыялістаў рознага профілю: юрыстаў, эканамістаў, бухгальтараў і іншых.